Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЛІЗАБЭТ ШРОДТЭР: "ПАЛІТЫКІ БЕЛАРУСІ І ЭЗ АДДАЛІЛІСЯ, А НАРОДЫ НАБЛІЗІЛІСЯ"


Алена Панкратава, Менск

(Шродтэр: ) "Нягледзячы на гэтак званы "ледніковы пэрыяд" у нашых палітычных дачыненьнях, мы стала наведвалі і працягваем наведваць гэтую краіну, праводзім тут перамовы. Таму для эўрапейскіх інстытутаў нашыя парлямэнтары ёсьць найбольш кампэтэнтнымі ў беларускім пытаньні. Нягледзячы на тое, што мы ня маем выканаўчых кампэтэнцыяў, да нашых рэзалюцыяў прыслухоўваецца Эўразьвяз. Зараз мы ўважліва сочым за венскімі перамовамі адносна місіі АБСЭ. З-за таго, што яны – не без актыўнага ўдзелу Менску – зацягнуліся, мы адклалі прыняцьцё нашага дакумэнту.

Калі гаварыць пра мае ўласныя ўражаньні адносна перамоваў нашай дэлегацыі зь беларускім кіраўніцтвам, то, на маю думку, гэта – нэгатыўнае разьвіцьцё. Зь Менскам надзвычай складана размаўляць. Замест прапановаў, чуеш толькі папрокі. Падаецца, што кіраўніцтва не гатовае да канструктыўнага дыялёгу. Прагнозы на будучы год рабіць цяжка – улічваючы непрадказальнасьць Менску. Аднак тая інфармацыя, якую мы атрымліваем зь Вены, усё ж дае маленькія надзеі. Для таго, каб выйсьці з палітычнага крызысу, Менск сёньня мае дастаткова магчымасьцяў".

Адначасна дэпутатка Бундэстагу Элізабэт Шродтэр ня можа не адзначыць пазыўтыўных зрухаў. Паводле спадарыні Шродтэр, Эўропа паступова разьвітваецца з шэрагам памылковых ілюзіяў адносна Беларусі і беларусаў...

(Шродтэр: ) "Беларусь стала больш вядомай за апошні час. Гэта бясспрэчна. Мы пазбавіліся міту, што ў гэтага народу нейкі іншы мэнталітэт, чым у эўрапейцаў. Яшчэ адзін міт, што гэтая краіна ў выніку лукашэнкавай палітыкі стала забытай усімі. Гэта ня так. Беларусь вядомая на гуманітарным узроўні, у выніку шматлікіх чарнобыльскіх кантактаў. Сёлета гэтыя дачыненьні сталі яшчэ больш глыбокімі, бо яны працуюць на узроўні асобаў, сем'яў. Можна сказаць, што ў гэтым зьвязку Беларусь цяпер больш вядомая ў ЭЗ, чым іншыя краіны Усходняй Эўропы".

У якасьці навагодніх пажаданьняў Элізабэт Шродтэр зычыць беларусам, да якіх яна мае самыя цёплыя пачуцьці, дасягнуць у наступным годзе большых посьпехаў, чым сёлета ды й таксама зрабіць сапраўдны выбар, у якім кірунку крочыць іхнай краіне надалей.
XS
SM
MD
LG