Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПТУШКІ ФЕНІКСА НІ З УКРАІНЫ, НІ ЗЬ БЕЛАРУСІ НЕ АТРЫМАЛАСЯ”


Ул. інф.

Паводле нямецкіх журналістаў, насуперак усім чаканьням і надзеям, якія 11 гадоў таму адчуваліся ў паветры Беларусі і Ўкраіны, птушкі Фенікса з гэтых краінаў не атрымалася. Ніводная з абедзьвюх постсавецкіх рэспублік так і не паўстала з попелу. Пазыцыя, ў якой зараз знаходзяцца гэтыя дзьве краіны, вельмі нагадвае гімнастычны шпагат. З аднаго боку, палітычная незалежнасьць, з другога – імкненьне наблізіцца да Расеі –галоўнага пастачальніка энэргарэсурсаў.

“І эканамічна, і палітычна, і сацыяльна абедзьве рэспублікі, адрозна ад краінаў Балтыі, так і ня сталі на ногі. А таму і вымушаныя выконваць складаную акрабатычную фігуру...” – гаворыць нямецкае радыё. Але ж ... “Украіна не памерла” – чуем мы словы новага нацыянальнага гімну. Для большасьці з 50 мільёнаў украінскага насельніцтва, якія ў часе рэфэрэндуму выказаліся за дзяржаўны сувэрэнітэт, незалежнасьць ёсьць, у першую чаргу, незалежнасьцю ад Расеі. Аб’ектыўна падставы для самастойнасьці неблагія. Жалеза, уран, вугаль –гэта тое, што вабіць у гэтую краіну заходні капітал. Аднак не да канца праведзеныя рэформы, унутрыпалітычныя інтрыгі, бессаромныя махінацыі алігархаў найгоршым чынам адбіваюцца як на эканоміцы, так і на жыцьцёвым узроўні грамадзтва.

“Менавіта ад расейскіх паставак залежыць сёньняшняя жыцьцяздольнасьць грамадства”, – так лічыць вялікая група апытаных нямецкімі журналістамі ўкраінцаў. Гэтыя людзі, пераважна з усходняй часткі краіны, настальгуюць па савецкіх часох і ня бачаць іншай пэрспэктывы як інтэграцыя з Расеяй. Ёсьць і другая група людзей, якія, паводле апытаньняў, перакананыя, што незалежнасьць прынесла ім права выбару. “Мы можам будаваць жыцьцё такім, якім яго хочам бачыць. На гэта здольны кожны больш-менш дзеяздольны чалавек, які мае добрую галаву ці рукі”, – гавораць у інтэрвію нямецкім журналістам жыхары розных украінскіх гарадоў, пераважна з заходняй ці цэнтральнай часткі краіны.

Што да суседняй рэспублікі – Беларусі, то тут, паводле нямецкіх журналістаў, рэфэрэндум пра незалежнасьць не праводзіўся ніколі. Нават гімн паходзіць са старых савецкіх часоў. Сама краіна нагадвае вялікі музэй СССР. Тут немагчымая дзейнасьць апазыцыі альбо свабодных мэдыяў. Прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы належаць да дзяржаўнай ўласнасьці. Цэны на хлеб і гарэлку, праўдападобна, прызначае прэзыдэнт.

Паводле аўтараў праграмы, магчымасць стаяць на ўласных нагах без падтрымкі Расеі для Беларусі выключаная. Як для Менску, так і для Кіева Крэмль ўжывае ўсяго толькі адно магічнае слова: газ.

Пры канцы праграмы журналісты WDR робяць наступную выснову: наўрад ці Беларусі, Украіне і Расеі ўдалося разам пахаваць СССР, аднак незалежнасьць увесь гэты час пакуль яшчэ існуе.
XS
SM
MD
LG