Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПАРТЫІ БНФ НАСЬПЯВАЕ СКАНДАЛ


Любоў Лунёва, Менск

Некаторыя маладыя сябры БНФ незадаволеныя працай сваіх кіраўнікоў. Яўген Скочка ў сваёй заяве пералічыў дзесяць прычынаў, зь якіх ён спыняе сваё сяброўства ў партыі. У ліку іншага, ён абвінаваціў кіраўніцтва БНФ у бязьдзеяньні ў справе абароны незалежнасьці Беларусі і некампэтэнтнасьці. Яўген Скочка незадаволены тым, што ў партыі адбыліся зьмены рэгіянальных кіраўнікоў, якія пацягнулі сыход пэўнай часткі сяброў Фронту.

(Скочка: ) "Я ў Фронце сем гадоў. Раней Фронт быў сымбалем незалежнасьці, а цяпер ён перастаў быць такім. Партыйнае кіраўніцтва займаецца партыйнымі чысткамі. Яму не хапае часу, каб займацца абаронай незалежнасьці. Іхныя партыйныя чысткі прывялі да таго, што ва Фронце не засталося ні нармалёвых кіраўнікоў, ні нармалёвых актывістаў. У парушэньне Статуту разагналі амаль усіх нармальных рэгіянальных кіраўнікоў. Такое ўражаньне, што яны пераўтвараюць партыю БНФ у нейкую сямейную секту, маўляў, няхай застанецца толькі дзесяць чалавек, але абсалютна падпарадкаваных".

Намесьнік лідэра БНФ Юры Хадыка так пракамэнтаваў учынак Яўгена Скочкі:

(Хадыка: ) "Я ўражаны той абазнанасьцю спадара Скочкі тымі недахопамі партыі БНФ, якія ён пералічвае. Цягам апошніх двух гадоў ён, нягледзячы на тое, што зьяўляецца сябрам Сойму, ніводнага разу не прысутнічаў на паседжаньнях. Тое, што ён напісаў, можа заставацца цалкам на ягоным сумленьні. Я не лічу, што могуць быць такія крытыкі, якія не бяруць удзелу ў працы Фронту, а пералічваюць ягоныя недахопы паводле свайго густу. Таму гэты дакумэнт хутчэй характарызуе Скочку, а не БНФ".

Палітычны крызыс адбіўся на ўнутрыпартыйных супярэчнасьцях усіх партый. У партыі БНФ, як і ў іншых партыях, сяброў стала меней. На думку лідэра БНФ Вінцука Вячоркі, рознагалосьсі кіраўніцтва партыі з часткай маладога пакаленьня не адаб'юцца на стабільнасьці партыі. Ацэнку дзеяньням маладых сяброў партыі ён дасьць на наступным Сойме.
XS
SM
MD
LG