Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТАР УНУТРАНЫХ СПРАВАЎ УЛАДЗІМЕР НАВУМАЎ СУСТРЭЎСЯ З ЖУРНАЛІСТАМІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня ў Нацыянальным прэсавым цэнтры журналісты сустрэліся зь міністрам унутраных справаў Уладзімерам Навумавым, які трымаў справаздачу з вынікаў барацьбы са злачыннасьцю у 2002 годзе. Прадстаўнікоў недзяржаўных мэдыяў , аднак, ня менш цікавіла, як ідуць справы ў расьсьледаваньні гучных злачынстваў трохгадовай даўніны – маецца на ўвазе зьнікненьне Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага. Уладзімер Навумаў, адказваючы на маё пытаньне адносна гэтых справаў, запэўніў, што ўсе магчымыя пошуковыя мерапрыемствы працягваюцца. Пры гэтым міністар прызнаў, што вынікаў яны, на жаль, зноў, як і ў папярэднія гады, не далі. Пасьля гэтага я спытаў міністра, чаму б тады не зьвярнуцца па дапамогу да суседніх краінаў і не скарыстацца паслугамі замежных адмыслоўцаў у пошуках зьніклых людзей. На гэта Ўладзімер Навумаў адказаў:

(Навумаў: ) “Такога няма ў ніводнай краіне сьвету, каб у расьсьледаваньні падобных крымінальных справаў запрашалі каго з-за мяжы. Нідзе такога досьведу няма. Калі мне нехта прывядзе прыклад, што запрасілі для расьсьледаваньня падобных справаў замежнікаў, тады мы таксама на гэта пойдзем, але чаму мы павінны гэта рабіць самі? Да таго ж, безумоўна, там ёсьць пытаньні, адносна якіх мы не хацелі б, каб яны сталі вядомыя, розныя пытаньні…”

Пры гэтым Уладзімер Навумаў заявіў, што нічога ня ведае пра ліст, у якім сваякі зьніклых патрабуюць далучыць да расьсьледаваньня замежных адмыслоўцаў у пошуках людзей. Нагадаю, 10 сьнежня, у Дзень правоў чалавека, Зінаіда Ганчар, Ірына Красоўская і Сьвятлана Завадзкая аднесьлі адпаведны зварот ў прыёмную міністра, дзе іх запэўнілі, што перададуць дакумэнт Уладзімеру Навумаву. Сёньня міністар сказаў мне, што у той час ён быў у адпачынку, а калі выйшаў на працу, ліста ад жонак зьніклых яму не перадавалі.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі Навумаў вымушаны быў камэнтаваць яшчэ некалькі вострых пытаньняў, якія задалі журналісты. Прыкладам, міністар пацьвердзіў, што ў менскім сьледчым ізалятары у падсьледных былі знойдзеныя сотавыя тэлефоны, празь якія арыштанты зьвязваліся зь сябрамі на волі. Такіх выпадкаў было “прыкладна 10”, пацьвердзіў Уладзімер Навумаў. Ён заявіў, што сярод тэлефонных суразмоўцаў падсьледных не было, як сьцьвярджаюць некаторыя крыніцы, сябраў беларускага ўраду.

Таксама міністар пацьвердзіў, што кіраўніцтва ўнутраных войскаў перавыдаткавала больш чым мільярд рублёў. Паводле Навумава, за гэта ніхто ня будзе пакараны, а грошы будуць знойдзеныя шляхам карэкціроўкі бюджэту.

Шмат распавядаў Уладзімер Навумаў пра тое, як міліцыя змагаецца са злачыннасьцю ў сваіх шэрагах. 130 супрацоўнікаў міліцыі сёлета былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці, і сярод іх самым высокапастаўленым можа аказацца намесьнік міністра, старшыня сьледчага камітэту Леанід Глухоўскі. Паводле Навумава, Леанід Глухоўскі дагэтуль не аднавіў сваю працу ў якасьці намесьніка міністра і старшыні сьледчага камітэту, хаця праверка ягонай дзейнасьці завершаная. Ўладзімер Навумаў паведаміў, што цяпер лёс ягонага намесьніка будзе вырашацца на адмысловай нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі напачатку наступнага году. Калі будзе прызнана, што Глухоўскі вінаваты ў злоўжываньнях службовым становішчам, супроць яго ўзбудзяць крымінальную справу, кажа міністар. Але не выключае ён і таго, што Глухоўскі давядзе сваю невінаватасьць і застанецца пры пасадзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG