Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2003 ГОДЗЕ Ў БЕЛАРУСІ ЎВОДЗІЦЦА ПЭРСАНІФІКАВАНЫ ЎЛІК СТРАХАВЫХ УНЁСКАЎ


Ганна Соусь, Менск

З 1 студзеня набудзе моц “Закон аб індывідуальным (пэрсаніфікаваным) уліку ў сыстэме дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня”. Кожнаму працаўніку будзе нададзены індывідуальны нумар, і ў адмысловую базу дадзеных будзе зьбірацца інфармацыя аб усіх страхавых выплатах, якія потым улічаць пры налічэньні пэнсіі. Тлумачыць намесьніца кіраўніка Цэнтральнага раённага адзелу Фонду сацыяльнай абароны Менску Ларыса Вартанава:

(Вартанава: ) “Галоўная мэта – абараніць пэнсійныя правы грамадзянаў. Раней дзейнічала сыстэма збору даведак. Пэнсіянэрам даводзілася даволі складана – шукаць усе тыя прадпрыемствы, дзе яны працавалі, складаць даведкі пра заробак, стаж працы, афармляць самую пэнсію. Цяпер адкрываецца індывідуальны асабовы рахунак, на якім будзе захоўвацца інфармацыя аб прыёме, звальненьні чалавека з працы, аб памерах заробку за кожны месяц, аб выплатах з нагоды часовай непрацаздольнасьці й аб пэрыядах працы, якія даюць права на датэрміновую пэнсію. Гэта не залежыць ад таго, дзе чалавека працуе, у Менску, па сумяшчальніцтве ў Гомелі альбо ў Віцебску. У нас будзе адзіны цэнтар, у якім будзе сабраная цалкам уся інфармацыя пра ўсе сумы заробку”.

Паводле прадстаўніцы Фонду сацыяльнай абароны Ларысы Вартанавай, беспрацоўныя грамадзяне не падпадуць пад гэтую сыстэму пэрсаніфікаванага ўліку.

З 1студзеня людзі пачнуць атрымліваць на сваіх прадпрыемствах плястыкавыя альбо ламінатныя карткі пэрсаніфікаванага ўліку. Дарэчы, запіс у іх робіцца на расейскай мове. Наколькі эфэктыўнай будзе новая сыстэма індывідуальнага ўліку, і ці ня ёсьць у ёй значны элемэнт кантролю з боку дзяржавы? З гэтымі пытаньнямі я зьвярнулася да прэзыдэнта Фонду Мізеса Яраслава Раманчука:

(Раманчук: ) “У кожнай цывілізаванай краіне існуе сыстэма дзяржаўнай страхоўкі, дзяржаўнага пэнсійнага забясьпечаньня. Гэта нармалёвая працэдура, калі людзі маюць гэтыя нумары, якія дазваляюць кантраляваць усе тыя месцы працы, якія чалавек меў за ўсё жыцьцё. Але гэта ў будучыні. А галоўная праблема цяпер у тым, як зараблялі людзі ў мінулым. І вось тут няма падставы лічыць, што ўвядзеньне гэтых нумароў будзе спрыяць больш адраснай сацыяльнай дапамозе грамадзянам. Апроч таго, увядзеньне гэтых адрасных нумароў было б значна больш лягічным і пасьлядоўным, калі б яно ішло разам з сыстэмнай рэформай усяго сацыяльнага блёку, улучна з пэнсійнай сыстэмай. Але ж мы гэтага ня бачым. Існуе пункт гледжаньня, што гэта яшчэ адна спроба падлічыць усіх грамадзянаў і ўвесьці нейкую нумаралёгію ўсіх нас”.

Паводле Яраслава Раманчука, увядзеньне пэрсаніфікаванага ўліку страхавых унёскаў не гарантуе людзям годнай пэнсіі, бо пры дзейнай сыстэме памер пэнсіяў залежыць не ад таго, мае чалавек нумар ці не, а ад таго, колькі грошай на той момант будзе ў пэнсійным фондзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG