Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЗАЧЫНІЎСЯ АПОШНІ ВЫЦЬВЯРЭЗЬНІК


Севярын Квяткоўскі, Менск

Уманская, 108 – вось адрас, дзе месьціўся апошні менскі выцьвярэзьнік. Галоўны нарколяг краіны спадар Максімчук кажа, што неўзабаве выцьвярэзьнікі зьнікнуць па ўсёй Беларусі:

(Максімчук: ) "Інстытут выцьвярэзьнікаў як такіх вымірае".

Калі ў навагоднюю ноч міліцыя будзе спрыяць грамадзянам дабрацца да дому, дык у далейшым непрытомнаму ад алькаголю грамадзяніну таксама абавязаныя даць дапамогу. Супрацоўнік прэс-цэнтру галоўнага ўпраўленьня менскае міліцыі Яўген Сачак патлумачыў, што цяпер патруль будзе весьці нецьвярозага не ў выцьвярэзьнік, не ў пастарунак, а ў шпіталь. Кажа Яўген Сачак:

(Сачак: ) "Паводле досьведу ведаю, што не акупаліся выцьвярэзьнікі. Таму што кантынгент пераважны – людзі, няздольныя заплаціць".

Паводле спадара Сачака, адмова ад інстытуцыі выцьвярэзьнікаў прадыктаваная клопатам дзяржавы пра больш якасную дапамогу грамадзянам. Але кіраўнік лячэбна-прафіляктычнага аддзелу камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму Натальля Трэдко мяркуе:

(Трэдко: ) "Мы акурат катэгарычна супраць. Гэта ня мы пытаньне падымалі, гэта ўздымала ГУУС. У іх няма сродкаў на ўтрыманьне. Таму яны хочуць, каб гэтым занялася ахова здароўя. Яны лічаць, што ў аховы здароўя больш сродкаў для гэтага".

Будынак колішняга выцьвярэзьніка на Ўманскай, 108 цяпер належыць Міністэрству аховы здароўя. Тут будзе пункт экспэртызы на алькаголь. Мэдыкі адзначаюць рост колькасьці алькаголікаў у краіне. У той час, як брыгады "хуткай дапамогі" Менску церпяць ад недахопу супрацоўнікаў і тэхнікі. А гэта значыць, што не да кожнага нецьвярозага грамадзяніна дапамога можа прыйсьці своечасова. Навагодняе пажаданьне Натальлі Трэдко суайчыньнікам гучыць наступным чынам – "трэба меней піць".
XS
SM
MD
LG