Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НЯСЬВІСКІ ЗАМАК ПАЎТАРАЕ ЛЁС МІРСКАГА – ПАЖАР ПАВІНЕН ІНТЭНСІФІКАВАЦЬ РЭСТАЎРАЦЫЮ


Валер Каліноўскі, Менск

Як раз напярэдадні пажару ўрад выдзеліў 30 мільёнаў даляраў на рэканструкцыю Нясьвіскага замку на працягу 2003–2004 гадоў і стварэньне ў ім культурна-асьветніцкага цэнтру. Паводле дырэктара гісторыка-культурнага запаведніку “Нясьвіж” Валерыя Сталярчука, да 2007 году тут павінны зьявіцца музэйныя выставы, канфэрэнц-заля, кавярня, гатэльныя нумары, сувэнірныя крамы, каб замак наведвала больш турыстаў.

Толькі ўдалая праца больш як сотні пажарнікаў ды мясцовых уладаў захавала і сам замак, і гэтыя пляны ад разбурэньня. Міністар надзвычайных сытуацыяў Валерый Астапаў кажа, што галоўная прычына здарэньня – некваліфікаванасьць і нядбайнасьць будаўнікоў, якія адагравалі трубы паяльнай лямпай з парушэньнем інструкцыяў:

(Астапаў: ) “Вось у гэтым пытаньне, канечне, ёсьць: як нашых рабочых, пэрсанал навучыць быць больш руплівымі і талковымі”.

Міністар Астапаў кажа, што ў такіх важных аб’ектах трэба ставіць самыя сучасныя сродкі папярэджаньня пажару.

(Астапаў: ) “З гэтага ўроку, канечне, трэба рабіць высновы па цэлым коле пытаньняў. Патрэбна зрабіць глыбокую прапітку адмысловым растворам новых канструкцыяў, якая вытрымала б гадоў з 50. Гэта трэба ўсё ўважліва вывучыць і падказаць праектавальнікам і будаўнікам, што падчас рэканструкцыі можна вырашыць цэлы шэраг пытаньняў, на якія ніколі не знаходзіцца сродкаў. Таму мы зараз і займаемся гэтым”.

Міністар надзвычайных сытуацыяў Валерый Астапаў лічыць, што на такіх важных аб’ектах можна пайсьці і на больш жорсткія нормы бясьпекі:

(Астапаў: ) “Ведаеце, ёсьць такое паняцьце ў электрыкаў – абарона ад дурня. Напэўна, і тут трэба такі прынцып ужыць. Нават калі гэта запатрабуе нейкіх дадатовых сродкаў”.

Вядомы архэоляг і рэстаўратар Алег Трусаў параўноўвае лёс Нясьвіскага замку з тым, што перажыў Мірскі замак:

(Трусаў: ) “Рэстаўрацыя Мірскага замку таксама пачалася з пажару, які як бы паскорыў аднаўленьне. Мірскі замак згарэў у 1982 годзе. Але згарэў цалкам, яго ніхто не тушыў, і гэты дах, узьведзены Святаполкам Мірскім, увесь абрынуўся. Гэты пажар стаў апошняй кропляй для пачатку аднаўленьня. І вось Нясьвіж паўтарае той жа самы лёс, як і Мір”.

Спадар Трусаў мяркуе, што рэстаўрацыю Нясьвіскага замку трэба было б пачынаць гадоў з 10 таму. Цяпер жа пажар павінен яе інтэнсіфікаваць, лічыць ён, хаця і гэтая справа сустынецца з тым самым чалавечым фактарам.

(Трусаў: ) “Культура будаўнічых рабочых у нас адносна нізкая, прафэсійных рэстаўратараў-будаўнікоў у нас надзвычай мала, адзінкі. Апроч кваліфікаваных рэстаўратараў, патрэбныя сумленныя непітушчыя рабочыя. Пажадана іх набіраць з пратэстантаў, якія зусім ня п’юць. Вось бы набраць некалькі брыгадаў з пратэстантаў, яны б працавалі дзень і ноч, а паколькі яны ня паляць і ня п’юць паводле свайго перакананьня, то гэта залатыя рабочыя”.

Алег Трусаў зазначае, што асабіста ён ня супраць, каб частка Нясьвіскага палацу выкарыстоўвалася як рэзыдэнцыя кіраўніка беларускай дзяржавы для прыёма замежных лідэраў.

(Трусаў: ) “Я за тое, каб такія залі былі і ў Мірскім замку, і ў Нясьвіскім, і ў іншых. Прыяжджае нейкая дэлегацыя, падпісвае нейкае пагадненьне, ім паказваюць замак, расказваюць пра гісторыю. Гэта нармальная зьява, эўрапейская. У Францыі некалькі замкаў для гэтага, адзін зь іх – знакаміты Рамбуе. А дзе ж мы будзем падпісваць дакумэнты – у сталінскіх будынках увесь час?”
XS
SM
MD
LG