Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІНШУЕМ СА СЬВЯТАМ!


Кастусь Бандарук, Прага

Раство Хрыстовае – пачатак Новай эры і пераломны момант ў гісторыі сьвету. Сёньня цяжка сабе ўявіць, якім быў бы сьвет без Хрыста. Аднак Хрыстос – гістарычная асоба. Факт ягоных народзінаў і жыцьця згодна пацьверджаныя эвангелістамі і старажытнымі гісторыкамі.

З другога боку, дзень, месяц і год нараджэньня Хрыста – умоўныя. У сьвятле цяперашніх ведаў, Хрыстос нарадзіўся паміж 8 і 6 годам да нашай эры падчас панаваньня рымскага кесара Актавія Аўгуста, у часе перапісу насельніцтва, праводжанага губэрнатарам Сырыі Сатурнінусам. Ня ведаючы сапраўднай даты народзінаў, з IV стагодзьдзя ўсе хрысьціяне мэтанакіравана абралі сымбалічную дату – 25 сьнежня. Гэткім чынам яны супрацьпаставілі дзяржаўнаму паганскаму сьвяту нараджэньня Бога-Сонца раство Бога-Чалавека, Ісуса Хрыста, “Сонца Праўды” (Мацьв. 3, 20), “Сьвятла Сьвету” (Ян. 8, 12).

Аднак для хрысьціянаў ня дата нараджэньня Хрыста галоўная. Яны вераць, што Хрыстос – гэта спрадвечны Сын Божы, які нарадзіўся ад Сьвятога Духа і Марыі Дзевы і прыняў чалавечае цела дзеля нас і нашага збаўленьня. Прадказанае прарокамі і чаканае многімі пакаленьнямі людзей, нараджэньне адбылося тады, калі, паводле Сьвятога Пісаньня “наступіла паўната часу” (Гал. 4, 4), калі ў людзях дасьпела неадольная прага вызваленьня ад граху і сьмерці.

Хрыстос прыйшоў на сьвет, каб прамовіць да людзей на іхнай чалавечай мове, прымірыць іх з Богам-Айцом, павучыць, як маюць жыць, да чаго імкнуцца і на што спадзявацца. Сёньня сьвет і чалавек далёка не дасканалыя, але несумненна, без Хрыста яны былі б нашмат горшыя.

Каляды традыцыйна лічацца сямейным сьвятам. Яны маюць багатую абрадавую абалонку. Ў храмах і хатах ставяцца ўпрыгожаныя елкі. Яны сымбалізуюць тое, што прырода чалавечая, сама ў сабе бяздапаможная, у Хрысьце здольная ажыць і прынесьці духоўны плён. Агонь сьвечак зьвяртае ўвагу на тое, што Сьвятло Праўды Хрыстовай расьсьвятляе цемру граху. У пэрыяд Раства Хрыстовага сьпяваюцца калядкі. Гэтыя адмысловыя песьні, пераважна плён народнай творчасьці, у простай і даступнай форме адлюстроўваюць радасную падзею Раства Хрыстовага.

З нагоды сьвята мы атрымалі шэраг віншаваньняў ад нашых слухачоў. Калядныя пасланьні да вернікаў накіравалі царкоўныя прадстаўнікі і гіерархі, у тым ліку Апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў замежжа а.Аляксандар Надсан і Апостальскі Візытатар для беларусаў грэка-каталікоў Архімандрыт Сяргей Гаек.

Беларуская служба Радыё Свабода далучаецца да іх і горача віншуе нашых слухачоў са Сьвятам. Хай сёлетнія Каляды будуць для ўсіх Вас і Вашых сем’яў блаславёным часам сямейнай гармоніі, духоўнай радасьці, міру, любові і згоды.
XS
SM
MD
LG