Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯДНЫЯ ВІНШАВАНЬНІ АПОСТАЛЬСКАГА ВІЗЫТАТАРА ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ – ГРЭКА-КАТАЛІКОЎ АРХІМАНДРЫТА СЯРГЕЯ ГАЕКА


Ул. інф.

Пасланьне Апостальскага візытатара для беларусаў – грэка-каталікоў архімандрыта Сяргея Гаека:

“Праз Тайну Ўцялесьненьня Ісус Хрыстос увайшоў у гісторыю ды культуру чалавецтва. Прыйсьце Сына Божага да кожнага чалавека нясе ўсім людзям дар супакою. Несьці гэты дар супакою, дар міру і прымірэньня сёньняшняму чалавеку, несьці яго грамадзтву – гэта заданьне ўсіх хрысьціянаў, пра якое часта нагадвае Папа Ян Павал ІІ.

Як грэка-каталікі, мы хочам у сьвяточны час узмацніць нашую малітву аб хуткім візыце Яго Сьвятасьці ў Беларусь. Няхай для нас усіх, для нашых сем’яў, нашых дзяцей і моладзі, сьвята Божага Нараджэньня будзе часам паглыбленьня ды ўмацаваньня нашае любові да роднай культуры, мовы, гісторыі. Сьвята Раства Хрыстовага – гэта для нас блаславёны час, у якім мы павінны зьвярнуцца да Слова Божага і літургіі Царквы, каб шукаць у іх сапраўдную, духоўную пажыву.

Гэта сьвята, званае ў народзе Калядамі, дае нам таксама нагоду адкрыць нанава прыгажосьць і глыбіню традыцыйных беларускіх калядак ды мудрасьць традыцыйных батлеек, якія праз пакаленьні фармавалі духоўнасьць нашых продкаў. Мы хочам прасіць, каб у гэты сьвяточны час ягонае сьвятло пазнаньня зазьзяла яскрава ў жыцьці нашых сем’яў, нашых блізкіх ды ўсіх грамадзянаў нашае Бацькаўшчыны.

На радаснае сьвяткаваньне Нараджэньня Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста прыміце маё пастырскае віншаваньне для вас усіх, вашых сем’яў і блізкіх".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG