Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕРАСЬЦЕЙСКІМ КАСЬЦЁЛЕ ГУЧЫЦЬ МЮНХЕНСКІ АРГАН


Алег Супрунюк, Берасьце

Яшчэ ў даваенны час берасьцейскi касьцёл славiўся сваiм арганам. Але адразу пасьля закрыцьця каталiцкага храму ў 1948 годзе яго напаткаў незайздросны лёс. Распавядае бiскуп Казiмiр Вялiкаселец:

(Вялiкаселец: ) “Касьцёл быў зачынены i заменены на краязнаўчы музэй. I арган таксама зламалi, невядома куды ён зьнiк. Напэўна, на мэталалом выкiнулi. Хаця арган можна было выкарыстоўваць i ў музэi, канцэрты даваць. Але яго разабралi. А як нi было аргана, здалi касьцёл”.

Пасьля вяртаньня храму рымска-каталiцкай царкве аднавiлiся пошукi аргана, якi трэба было ўсталяваць у касьцёле. Пошукi расьцягнулiся амаль на 15 гадоў. Зьдзейсьнiць мару берасьцейскiм каталiкам дапамог прафэсар тэалёгii зь Нямеччыны Адольф Хампэль. Празь ягоныя кантакты дайшлi зьвесткi пра замену аргану ў адной з парафiяў каля Мюнхена. Там адгукнулiся на просьбу з Беларусi й ахвяравалi музычны iнструмэнт. Арган быў завезены ў Берасьце ў разабраным выглядзе, прайшоў рэстаўрацыю i нарэшце ўсталяваны ў касьцёле.

Бiскуп Казiмiр Вялiкаселец гаворыць, што цяпер у Берасьцi няма майстра, якi б меў досьвед ігры на аргане. Таму на сьвяточныя набажэнствы запрашаюць мясцовых пiянiстаў. Але настаяцель касьцёлу ўпэўнены, што неўзабаве на гэтым музыкальным iнструмэнце будзе граць прафэсiйны выканаўца — арганiст. А зь Берасьцейскiм музычным каледжам ужо дасягнутая дамоўленасьць пра адкрыцьцё адмысловых курсаў, падчас якiх маладыя музыкi вучылiся гуляць на аргане ў прафэсiяналаў зь Менску ды Гораднi.

Такiм чынам, сьвята Нараджэньня Хрыстова берасьцейскiя каталiкi сустракаюць сёлета з асаблiвым хваляваньнем: амаль праз 55 гадоў у касьцёле зноў гучыць арган.
XS
SM
MD
LG