Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ДА РАДЫЁЛЯКАЦЫЙНАЙ СТАНЦЫІ СТАВЯЦЦА ЖЫХАРЫ ГАНЦАВІЧАЎ?


Алесь Горбач, Ганцавічы

Пра тое, што побач знаходзіцца расейская радыёлякацыйная станцыя “Волга”, у Ганцавічах ды раёне ведаюць пэўна ўсе. Прынамсі, ейны вялізны корпус, што ўзвышаецца над Машукоўскім лесам, відаць ці не паўраёну. Аднак што гэта за аб’ект, якія функцыі ён будзе выконваць і якія наступствы ягонае існаваньне можа мець для экалёгіі, мясцовае насельніцтва збольшага ня ведае. Часьцей адносна “Волгі” можна пачуць у Ганцавічах думкі, як у гэтых спадароў:

(Спадарыня: ) “Людзі гавораць, але што? Кажуць, што на здароўе ўплывае”.

(Спадар: ) “Гаварыць бяз толку. Ніхто нічога пра гэта ня піша, мы нічога пра гэта ня ведаем: шкодна ці няшкодна”.

Сапраўды, якую-небудзь інфармацыю пра станцыю ў Ганцавічах знайсьці немагчыма. Нават мясцовыя кіраўнікі пра “Волгу” толкам сказаць нічога ня могуць, абмяжоўваюцца агульнымі выразамі. Хоць які камэнтар давялося атрымаць ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў, сябра парлямэнцкай камісіі па ахове навакольнага асяродзьдзя Мікалая Сяргеенкі:

(Сяргеенка: ) “Гэтая станцыя прызначаная для вядзеньня радыёлякацыйнага назіраньня ў сыстэме абароны ад “першынгаў” і “тамагаўкаў”. Гэта станцыя сыстэмы папярэджваньня ракетнага нападу. Яна ўваходзіць у сыстэму касьмічных сілаў Расеі. Па сутнасьці, гэта расейскі касьмічны аб’ект на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Ён для нас, беларусаў, закрыты. Закрыты на ўсіх узроўнях”.

Спадар Сяргеенка кажа, што нават яго як дэпутата на станцыю не прапускаюць. Аднак ён мае ўсе падставы сьцьвярджаць, што станцыя “Волга” заслугоўвае асаблівай увагі з боку эколягаў. Найперш, з той прычыны, што пры яе працы будзе выкарыстоўвацца вялікая колькасьць вады, прытым вады якаснай, з глыбінных свідравінаў.

Небясьпеку маюць і вялікія электрамагнітныя выпраменьваньні, што будуць зыходзіць ад лякатараў. Паводле Мікалая Сяргеенкі, узьдзеяньне гэтых выпраменьваньняў на жывыя істоты адразу незаўважнае, ягоныя наступствы будуць бачныя толькі празь некалькі дзясяткаў гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG