Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТЭРСТВА ФІНАНСАЎ НЕ ДАЕ ГРОШАЙ НА ЧАРНОБЫЛЬСКІЯ ПРАГРАМЫ


Казімер Яноўскі, Гомель

Сапраўды, гомельскім уладам удалося нарэшце пераканаць урад і Мінфін краіны, што датацыі забруджанай радыяцыяй вобласьці на фінансаваньне мэдычнай дапамогі насельніцтву, лекі, зарплату лекарам, што працуюць у “зоне”, трэба пазначыць у рэспубліканскім бюджэце асобным радком.

Раней такая дапамога дэкляравалася, але на практыцы гэтага ніхто ніколі не выконваў. Сродкі ў разьліку на жыхароў з рэспубліканскага бюджэту на Гомельскую вобласьць выдаткоўваліся амаль такія ж, як і на чыстыя — Менскую ці Віцебскую.

Аднак пэўным зрухам у фінансаваньні рэгіёну з улікам Чарнобыльскай катастрофы перашкаджае радавацца рэчаіснасьць. Ужо пры канцы сэсіі старшыня аблвыканкаму Аляксандар Якабсон, зьвяртаючыся да прысутнага намесьніка міністра фінансаў Анатоля Сьвержа, паведаміў, што акурат сёньня падпісаў тэлеграму прэм’ер-міністру Навіцкаму, у якой прасіў узьдзейнічаць на Міністэрства фінансаў.

Справа ў тым, што Мінфін сёлета, як і ў папярэднія гады, на зьмяншэньне наступстваў Чарнобылю з заплянаваных у бюджэце краіны 19,5 мільярдаў рублёў аддаў толькі 63%. Вобласьць недаатрымала на газыфікацыю забруджаных паселішчаў, будаўніцтва жытла для перасяленцаў звыш 7 мільярдаў рублёў.

Верхам сваволі Мінфіну, як лічаць у Гомелі, стала забарона казначэйству прымаць плацёжкі будаўнікоў за ўжо выкананыя работы на ўзьвядзеньні жытла ў Нароўлі, інжынэрных сетак спэцдыспансэру радыяцыйнай мэдыцыны ў абласным цэнтры, іншых “чарнобыльскіх” аб’ектах.

Агулам не прынята плацёжак ад будаўнікоў больш як на 4 мільярды рублёў. І гэта здарылася пасьля таго, як ў лістападзе Генадзь Навіцкі даручыў свайму намесьніку Ціцюнову і міністру фінансаў Корбуту ў поўнай меры фінансаваць “чарнобыльскія” праграмы.

Пра няўвагу да забруджаных раёнаў на сэсіі казалі ня толькі “вэртыкальныя” чыноўнікі, але і дэпутаты. У прыватнасьці, старшыня Хойніцкага райсавету Валянцін Баранаў паведаміў, што ў раёне сёлета газыфікавана толькі 60 дамоў — у два з паловай раза менш, чым чатыры гады таму.

Не выдзяляюцца сродкі па лініі Камчарнобылю на ўнясеньне ў глебу мінэральных угнаеньняў. У выніку хойніцкія хлебаробы атрымалі мінулым летам 80% збожжа, у якім утрыманьне стронцыю перавышае нават дапушчальныя беларускія ўзроўні.
XS
SM
MD
LG