Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕЗВЫЧАЙНАЯ МАСТАЦКАЯ АКЦЫЯ АРГАНІЗАВАНАЯ Ў АДНЫМ ЗЬ МЕНСКІХ КАСЬЦЁЛАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Нядаўна збудаваны ў мікрараёне Серабранка касьцёл сьвятога Яна Хрысьціцеля сёньня набыў незвычайны выгляд. Уся падлога бажніцы высланая духмяным сенам, а да сьценаў і алтарнай часткі касьцёлу прымацаваныя стылізаваныя анёлы ды калядныя зоркі з саломы. Са столі зьвісаюць саламяныя павукі. Аўтар ідэі гэтага праекту — вядомы мастак Алесь Пушкін, а выканалі гэтую незвычайную аздобу дзеці й моладзь з мастацкай студыі “Рагнеда” пад кіраўніцтвам Валянціны Лойкі. Вось што яна распавяла нашаму радыё:

(Лойка: ) “Сёньня мы ладзім такі мастацкі праект разам з Алесем Пушкіным. Ідэя такая — зрабіць Бэтлеемскую стайню не звычайнай камэрнай кампазыцыяй, а ператварыць каплічку ў адрыну. Стварыць уражаньне, што вось нібыта чалавек з урбанізаванага гораду заходзіць у стайню, дзе нарадзіўся Хрыстос. І мы ўзяліся за працу. У нас было толькі паўтара месяца. Зрабілі павукоў, якія сымбалізуюць структураваны космас. Гэта ўсё такое падвясное, у небе. Уніз спускаюцца анёлы, сьвеціць Бэтлеемская зорка, і пах саломы, сьпевы — каб усё вяртала чалавека ў такі сапраўдны калядны стан”.

Гэтую мастакоўскую ідэю актыўна падтрымаў пробашч парафіі айцец Ігар Лашук:

(а.Лашук: ) “Для нас гэта вельмі важная падзея. Бо гэта першае Божае Нараджэньне, якое мы сустракаем у новазбудаваным касьцёле. Каталіцкі Касьцёл намагаецца вярнуць і мову, і сапраўдную культуру. Дык вось — гэта праява культуры. Скажу шчыра, калі мы ўчора ўсё гэта рабілі, вывешвалі, я найбольш хваляваўся, як нашыя парафіяне ўспрымуць гэтую навізну. Старэйшыя парафіяне ўспрынялі з радасьцю. Яны кажуць, што таксама калісьці дома ўсё гэта рабілі. Напэўна, сярэдняе пакаленьне скажа: “Ай, нешта дзіўнае нарабіў тут ксёндз”. Нічога дзіўнага. Проста нашае, народнае, беларускае, цёплае, саламянае”.

Сьвятар гаворыць, што падобныя мастацкія акцыі будуць ладзіцца ў гэтым касьцёле і далей.

За некалькі калядных дзён рэлігійна-культурніцкія імпрэзы пройдуць таксама ў менскім Чырвоным касьцёле, а таксама ў касьцёле сьвятога Роха на Залатой Горцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG