Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКАЙ МЯЖЫ ЧЭРГI НЯ ТОЛЬКI КАЛЯ АЎТАМАБIЛЬНЫХ ПЕРАХОДАЎ, АЛЕ I НА ЧЫГУНЦЫ


Алег Супрунюк, Берасьце

Паводле нарматываў Мiнicтэрства надзвычайных сытуацыяў, на чыгуначнай станцыi “Брэст-Усходнi” адначасова могуць знаходзiцца ня больш за сто цыстэрнаў з газам прапан-бутан. На працягу апошнiх тыдняў колькасьць цыстэрнаў з падобным грузам значна пераўзыходзiць гэтую норму. Зараз у розны час сутак на станцыi знаходзяцца ад 300 да 500 такiх цыстэрнаў. У Берасьце яны трапляюць з Расеi, Казахстану ды Прыбалтыкi й павiнныя рухацца далей на Захад. Але з тэхнiчных прычынаў польскi бок ня можа прыняць больш за 90 цыстэрнаў у суткi. У вынiку небясьпечны груз займае зараз лiтаральна ўсе шляхi на чыгуначнай станцыi, якая знаходзiцца зусiм побач з жылым мiкрараёнам Бярозаўка.

Паводле словаў намесьнiка начальнiка Берасьцейскай чыгункi Мiкалая Швеева, гэтае пытаньне — вельмi складанае i непакоiць як чыгунку, так i горад. На сёньняшнi дзень у Берасьцi знаходзiцца 21 грузавы цягнiк, якi немагчыма адправiць у польскiм кiрунку.

Берасьцейскiя чыгуначнiкi пагаджаюцца, што цыстэрны з газам — небясьпечны груз. Iхная няспраўнасьць можа прывесьцi да выбуху. Улiчваючы колькасьць цыстэрнаў, справа можа дайсьцi да катастрафiчных наступстваў. Але чыгуначнiкi гавораць, што няздольныя ўплываць на сытуацыю. Нават настойлiвыя спробы спынiць паступленьнi новых цыстэрнаў не даюць плёну.

Цяпер станцыя “Брэст-Усходнi” ахоўваецца ваенiзаванымi брыгадамi, якiя працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Але жыхары суседнiх з чыгункаю дамоў гавораць, што не адчуваюць сябе ў небясьпецы. Людзi лiчаць, што напярэдаднi новага году мiжволi сталi закладнiкамi.

(Жыхар: ) “Чаму мы заўсёды аказваемся крайнiмi? Палякi адмаўляюцца браць небясьпечны груз, а мы яго зьмяшчаем наўпрост у горадзе. Нядаўна ўсе змагалiся за чачэнцаў, каб iх прапусьцiлi ў Польшчу. А тут ня можам адправiць вагоны з газам. Глупства нейкае”.

Кiраўнiцтва чыгункi запэўнiвае, што перамовы з польскiм бокам з мэтай паскорыць адпраўку грузаў зь беларускай тэрыторыi працягваюцца. Але, відаць, праблема застанецца актуальнай i пасьля калядных сьвятаў.
XS
SM
MD
LG