Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НАСТУПНЫМ ГОДЗЕ ФІНАНСАВАНЬНЕ БЕЛАРУСКАЙ МЕНШАСЬЦІ Ў ПОЛЬШЧЫ ІСТОТНА НЯ ЗЬМЕНІЦЦА


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Сёлета ў часе працы над бюджэтам на наступны год зьявіліся прапановы ў некалькі разоў зьменшыць выдаткі на фінансаваньне патрэбаў нацыянальных меншасьцяў. Для беларусаў, якія жывуць у Польшчы, гэта азначала б перадусім спыненьне выхаду большасьці пэрыядычных выданьняў, а таксама адмову ад правядзеньня шэрагу традыцыйных культурных мерапрыемстваў.

Каб пазьбегнуць гэткай сытуацыі, улетку лідэры беларускіх арганізацыяў Беласточчыны разам з прадстаўнікамі іншых нацыянальных меншасьцяў заявілі пра сваю катэгарычную нязгоду з тым, што дзяржава мае намер ашчаджаць сродкі коштам нацыянальных меншасьцяў.

У выніку ў канчатковым варыянце закону аб бюджэце памер выдаткаў на патрэбы нацыянальных меншасьцяў амаль не зьмяніўся. Дэпутат Сэйму ад Беласточчыны, сябра парлямэнцкай камісіі ў справе меншасьцяў Яўген Чыквін спадзяецца, што ў наступным годзе з дапамогай зьменаў у падаткавай сыстэме Міністэрства фінансаў будзе ў стане нават павялічыць гэтыя выдаткі.

(Чыквін: ) “Пакуль Сэйм ухваліў бюджэт, у якім сума на фінансаваньне дзейнасьці ўсіх меншасьцяў у параўнаньні зь мінулым годам амаль не зьмянілася. Але міністар фінансаў спадзяецца, што калі ў наступным годзе ў Польшчы атрымае сілу закон, паводле якога кожны паляк зможа накіроўваць 1% ад сваіх падаткаў на тыя патрэбы, на якія пажадае, дык фінансаваньне меншасьцяў дасягне сёлетняга ўзроўню. Такім чынам, думаю, што беларуская меншасьць атрымае такія грошы, як і сёлета”.

Выдаткі польскай дзяржавы на ўсе нацыянальныя меншасьці складуць прыкладна 1 мільён 300 тысячаў даляраў. Працягвае Яўген Чыквін:

(Чыквін: ) “З гэтага беларуская меншасьць атрымлівае калі ня самую вялікую частку, дык параўнальна з украінцамі, але ж гэта дзьве самыя вялікія меншасьці ў Польшчы. Большасьць гэтых грошай ідзе на пэрыёдыку – газэту “Ніва”, “Часопіс” ды іншыя выданьні”.

Сакратар рэдакцыі тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва” і вядомы беларускі дзеяч Беласточчыны Аляксандар Максімюк, аднак, лічыць, што культурныя праекты беларускай меншасьці фінансуюцца ўсё ж не дастаткова.

(Максімюк: ) “Нам хацелася б, каб тыя сродкі, што адводзяцца на фінансаваньне мерапрыемстваў беларускай меншасьці, неяк улічвалі інфляцыю і рост коштаў паліграфічных паслугаў. Цягам некалькіх гадоў гэтага ня робіцца. Мы ў “Ніве” і іншых выданьнях намагаемся неяк упісвацца ў гэтую сытуацыю і рабіць тое, што можам”.

Варта дадаць, што гадавая інфляцыя ў Польшчы сёлета склала менш за 2%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG