Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯДЫ – СЬВЯТА І МІТ


Юры Сьвірко, Прага

Паводле хрысьціянскае Бібліі, Іосіф разам зь цяжарнай жонкай Марыяй прыбылі ў Бэтлеем, які цяпер знаходзіцца на палестынскай тэрыторыі. У бэтлеемскай гасьцініцы не было месцаў, таму Іосіф і Марыя правялі ноч у стайні. Калі нарадзілася дзіця, Марыя назвала яго Ісусам – гэта было распаўсюджанае ў тыя часы імя. Сьцьвярджаецца, што Марыя ды Іосіф не жылі яшчэ палавым жыцьцём, таму Марыя была цнатлівай.

Здарыліся таксама іншыя цуды. Перад пастухамі ў гэтай мясцовасьці зьявіўся анёл і паведаміў ім пра нараджэньне. Анёл сказаў, што нованароджнае дзіця – гэта Хрыстос, доўгачаканы габрэйскі Мэсія, выратавальнік сьвету. Пастухі распавялі пра гэта іншым. На небе зьявілася новая зорка, якая прывяла трох каралёў з Усходу да таго месца, дзе ляжаў маленькі Ісус. Яны прынесьлі яму падарункі.

Для шмат якіх хрысьціянаў гэтая гісторыя нараджэньня Хрыста ёсьць літаральна сапраўднай, для іншых – проста прыгожым мітам, але ўсё адно значным у тым пляне, што яны прызнаюць Хрыста, які нарадзіўся для выратаваньня чалавецтва.

Міт гэта або цуд, адна рэч ёсьць дакладнай. Эра глябалізацыі й свабодных рынкаў зрабіла каляндныя сьвяты агульнымі. Гэта само па сабе можа быць пэўным цудам, хаця шмат якія людзі лічаць яго нэгатыўным. Ва ўсім сьвеце людзі розных веравызнаньняў пачалі сьвяткаваць Каляды – але дзіўныя Каляды, бо па-ангельску “Крыстмас” – гэта спалучэньне словаў Хрыстос, што значыць збавіцель, і меса, то бок рэлігійная цырымонія, а сучасны Крыстмас пазбаўлены й першага, й другога.

Калядныя елачкі, сьнегавікі са штучнага сьнегу і Санта-Клаўсы ў чырвоным адзеньні зрабілі Кітай, дзе афіцыйнай рэлігіяй ёсьць адсутнасьць усялякай рэлігіі, найвялікшым у сьвеце экспартэрам калядных тавараў. Разам з гэтым Кітай пачаў імпартаваць сьвята для ўнутранага спажываньня. Каляды сталі моднымі.

Нядаўні артыкул у амэрыканскай газэце “Christian Science Monitor” (у перакладзе назоў газэты гучыць як “Аглядальнік хрысьціянскае навукі”) цытуе прафэсара рэлігіі ўнівэрсытэту Токіё, які кажа, што Азія запазычыла Каляды ды іншыя заходнія сьвяты з камэрцыйнымі мэтамі.

На Захадзе таксама амэрыканізаваная вэрсія Санта-Клаўса адсунула на другі плян малога Хрыста як сымбаля Калядаў ці Раства. Безумоўна, Санта-Клаўс – гэта сумесь нямецкага Вайнахтсмана, брытанскага Фазэр-Крыстмас, галяндзкага Сьвятога Ніка й гэтак далей. Аднак камэрцыялізаваны Санта-Клаўс, Санта-Клаўс кічу – ад фігурак Санты, што раскачваюцца ў заднім шкле аўтамабіляў, да цацак зь белай барадой, мэлёдыямі і агеньчыкамі у вітрынах дзіцячых крамаў – гэта, зразумела, прадукт амэрыканскага камэрцыялізму.

Для шмат якіх дзяцей на Захадзе даведацца, што фальшывая барада трымаецца на Санта-Клаўсе з дапамогай элястычных завязак, – гэта першы дотык цынізму ўва ўзросьце 7—8 гадоў. Цяпер, як падаецца, фальшывую бараду Санты адкрывае для сябе ўвесь сьвет. Сёлета ў Аўстрыі дзіцячае таварыства падтрымкі Хрыста распаўсюдзіла 20 тысячаў налепак супраць Санта-Клаўса, асабліва на вядомым венскім рынку маленькага Хрыста, дзе ў шапіках прадаюцца калядныя дэлікатэсы, віно, сувэніры і Санта-Клаўсы, Санта-Клаўсы, Санта-Клаўсы... Маленькага Хрыста тут наўрад ці пабачыш.

Агенцта Reuters паведаміла сёлета, што сьвятар у Англіі выклікаў сьлёзы ў дзяцей, калі сказаў ім, што чаканьні ад Санта-Клаўса таго, каб ён даставіў падарункі для ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак сьвету за адну ноч, супярэчаць навуковай верагоднасьці. Ён, відавочна, нічога не сказаў пра верагоднасьць нараджэньня дзіцяці цнатлівай жанчынай.

Мажліва, аднак, што гэта ёсьць прыкметай сілы Калядаў і радасьці для хрысьціян, нехрысьціян і атэістаў – тое, што, нягледзячы на цынізм і камэрцыйнасьць, гарадзкія вуліцы ўпрыгожваюцца, храмы ўва ўсім сьвеце будуць перапоўненыя падчас паўночнай месы, а дзеці будуць чакаць званочкаў Санта-Клаўса.
XS
SM
MD
LG