Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖАНЧЫНЫ ГОДУ


Натальля Судлянкова, Прага

Гераінь завуць Колін Роўлі, Сынтыя Купэр ды Шэран Уоткінс.

Улетку 2001 года 43-гадовая Шэран Уоткінс, якая працавала віцэ-прэзыдэнтам кампаніі “Энрон”, напісала кіраўніку карпарацыі Кенэту Лэю ліст, у якім зьвярнула ўвагу на тое, што кампанія парушае правілы справаздачнасьці. Яна таксама папярэдзіла кіраўніцтва, што калі падзеі будуць разьвівацца ў тым самым накірунку і надалей, справа скончыцца буйным скандалам.

У студзені гэтага году падкамітэт Кангрэсу, які дасьледаваў гэтую справу, ліст Уоткінс абнародаваў. Шэран Уоткінс адразу стала знакамітай.

У траўні юрыст ФБР 48-гадовая Колін Роўлі паведаміла кіраўніку Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў Робэрту Мюлеру, што супрацоўнікі аддзяленьня бюро ў горадзе Мінэапаліс праігнаравалі яе заклікі зьвярнуць увагу на Закарыса Мусаўі, які пазьней быў асуджаны за ўдзел у падрыхтоўцы тэрактаў 11 верасьня.

38-гадовая Сынтыя Купэр была ўнутраным аўдытарам кампаніі “Ўорлдкам”. Менавіта яна справакавала крах кампаніі, калі паведаміла савету дырэктароў, што кіраўніцтва жанглюе фінансавй справаздачнасьцю ў спробе схаваць амаль 4 мільярды даляраў стратаў.

Аб’ядноўвае гэтых трох жанчынаў тое, што яны не маглі застацца абыякавымі, калі кіраўніцтва кепска выконвала свае абавязкі. Усе яны вырасьлі ў маленькіх гарадках, у небагатых сем’ях. Усе яны зарабляюць больш, чым іхныя мужы. Кожная зь іх разумела, што калі яна вырашыць пачаць наўпростую канфрантацыю з кіраўніцтвам, яна рызыкуе страціць заробак, на які жыве яе сям’я.

З трох жанчынаў з працы пайшла толькі Ўоткінс, якой у любым выпадку ў апошнія месяцы ў Энроне не было што рабіць. Усе тры сказалі, што калегі іх ненавідзяць, асабліва тыя, якія лічаць, што калі б інфармацыя ня сталася вядомая грамадзкасьці, усё паступова прыйшло б да нормы.

У сілу абставінаў гэтыя жанчыны сталі героямі, такім жа важным сымбалем гэтага году, якім у 2001 годзе былі пажарныя. Яны проста рабілі сваю справу так, як мусілі яе рабіць, рашуча і сумленна. Яны прадэманстравалі тую адвагу, якую спадзяецца знайсьці ў сабе кожны з нас, хаця не заўсёды мае магчымасьць выкарыстаць на справе. Хаця Ўоткінс, Раўлі і Купэр не рызыкавалі жыцьцём, яны маглі страціць практычна ўсё: працу, асабістае жыцьцё, здароўе, у тым ліку і душэўнае. Яны рызыкавалі, каб паведаміць нам аб тым, што адбываецца ў важных арганізацыях. Дэмакратычны капіталізм ня можа існаваць, калі людзі не перакананыя ў сумленнасьці дзяржаўных і прыватных установаў. За шчырую веру ў тое, што праўду нельга схаваць, і за тое, што гэтую праўду яны паведамілі, часопіс “Тайм” вырашыў прысвоіць ім тытул “Чалавек 2002 году”.
XS
SM
MD
LG