Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ АДБЫВАЕЦЦА ПРЭЗЭНТАЦЫЯ КНІГІ “ДАРОГА ПРАЗ КУРАПАТЫ”


Сяргей Навумчык, Прага

Курапаты зрабіліся вядомыя ва ўсім сьвеце пасьля таго, як у 1988 годзе ў газэце “Літаратура і мастацтва” быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога сьмерці”. Публікацыя гэтага артыкула фактычна абудзіла новую хвалю нацыянальнага Адраджэньня.

Як потым прыгадваў Зянон Пазьняк, публікацыя артыкула нават у тыя “перабудовачныя” часы была б немагчымай, калі б не дапамога і прадмова народнага пісьменьньніка Беларусі Васіля Быкава. Сёньня Васіль Быкаў з Прагі зьвяртаецца да усіх абаронцаў Курапатаў:

(Быкаў: ) “Бальшавікі маюць вялізную практыку закочваць пад асфальт ня толькі непажаданых для іх асобаў, але і хаваць у зямлі цэлыя пласты нашай пакутнай гісторыі. Адэкватных сродкаў супрацьстаяньня іхнаму гвалту дэмакратыя, здаецца, ня мае, апроч хіба памяці. Памяць для бальшавікоў – жах, злачынства, крамола, бо гэта заўжды – памяць пра іхныя злачынствы ды іхныя ахвяры.

Але ў маладых людзей Беларусі – сьвежы розум і добрая памяць, і яны ім ня здраджваюць. Што ж да Курапатаў, дык вы іх зьбераглі цягам завейных месяцаў, праз сьцюжу і тэрор праваразбуральных ды іншых “органаў”. Вы абаранілі, можа, самы жахлівы краёчак нашай гісторыі – памяць пра зло і крывавае злачынства, што чыніліся супраць нацыі.

Натуральна, тое было няпроста, але менавіта ў тае упартай непадлегласьці, апроч іншага – надзея на вольную Беларусь, яе дзяржаўнасьць і духоўнае адраджэньне занядбанай нацыі, лёс якой надышоў да вырашальнай мяжы.

Беларусь будзе ўпэўненая, што яшчэ шмат чаго добрага і гераічнага зьдзейсьніць для яе наша мілая беларуская моладзь!”
XS
SM
MD
LG