Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕРАСЬЦЕЙСКАЙ МІЛІЦЫІ ЗА НЯЎПЛАТУ АДКЛЮЧАЮЦЬ ТЭЛЕФОНЫ


Алег Супрунюк, Берасьце

Паводле словаў кiраўнiка цэнтру разьлiкаў прадпрыемства “Брэстаблтэлекам” Анатоля Ярашэвiча, запазычанасьць спажыўцоў за атрыманыя паслугi тэлефоннай сувязi складае зараз каля аднаго мiльярду рублёў. Прыватныя асобы завiнавацiлiся прыкладна 15% ад гэтай сумы, астатняя запазычанасьць належыць прадпрыемствам i ўстановам. Анатоль Ярашэвiч палiчыў нямэтазгодным паведамляць дакладныя зьвесткi пра тых, хто мае самыя вялiкiя даўгi перад cувязiстамi.

Аднак вядома, што адключэньне тэлефонаў закранула i праваахоўчыя органы. У самым буйным у Берасьцi аддзеле ўнутраных справаў — у Маскоўскiм раёне — зараз працуюць толькi тэлефоны начальнiка, ягоных намесьнiкаў, дзяжурнага ды бугальтэрыi. Райаддзел мiлiцыi завiнавацiўся за карыстаньне тэлефоннай сувязьзю 4,5 мiльёна рублёў.

Мiж тым, кiраўнiцтва райаддзелу сьцьвярджае, што разьлiкi за гэтыя паслугi павiнныя адбывацца празь фiнансавае ўпраўленьне аблвыканкаму. Аднак пры канцы году мiлiцыянты не атрымліваюць тых грошай, што былi прадугледжаныя бюджэтам. У прыватных размовах шааговыя супрацоўнiкi мiлiцыi гавораць, што заробак цяпер таксама выплачваюць са спазьненьнем, а раённыя аддзелы ўнутраных справаў шмат вiнаватыя ня толькi сувязiстам, але i прадпрыемствам камунальнай гаспадаркi.

Варта заўважыць, что Маскоўскi раён Берасьця вылучаецца як колькасьцю насельнiцтва, так i цяжкiм крымiнальным становiшчам (тут назiраецца самы высокi ўзровень злачыннасьцi). Адключэньне тэлефонаў у першую чаргу адбiлася на працы так званых апорных пунктаў аховы парадку, што месьцяцца ў мiкрараёнах. Без устойлiвай тэлефоннай сувязi праца гэтых пунктаў губляе сэнс, бо ўчастковыя мiлiцыянты нават ня здольныя апэратыўна выклiкаць службовы транспарт, каб трапiць на месца здарэньня.

Ужо вядома, што да канца году тэлефонная сувязь у Маскоўскiм РАУС Берасьця ня будзе адноўленая. Мiлiцыянты не выключаюць, што пасьля Калядаў некаторыя адключаныя нумары тэлефонаў могуць быць аддадзеныя прыватным асобам, што чакаюць у чэргах устаноўкi тэлефону.
XS
SM
MD
LG