Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АДМЫСЛОЎЦЫ ПРАГНАЗУЮЦЬ РОСТ ЭМІГРАЦЫІ ЗЬ БЕЛАРУСІ


Ігар Карней, Менск

Афіцыйна маніторынг колькасьці беларусаў-эмігрантаў вядзецца толькі ад 1996 году. Але нават кіраўніцтва створанага дзеля гэтых мэтаў цэнтру пры Нацыянальнай Акадэміі навук не бярэцца канстатаваць, колькі рэальна людзей зь Беларусі ад’ехала і ад’яжджаць працягвае. Вось што кажа дырэктар цэнтру Міхаіл Арцюхін:

(Арцюхін: ) “Мы ня можам “злавіць” у статыстыцы бальшыню тых, хто ад’яжджае. Калі казаць аб пастаяннай міграцыі, то зараз празь яе праходзіць нязначная колькасьць. Бальшыня ад’яжджае па гасьцявых візах, турыстычных, адукацыйных. Не губляючы грамадзянства, чалавек фактычна робіцца невяртанцам, бо гадамі працуе па кантрактах. А раз грамадзянства не згубіў, па нашых статыстыках не праходзіць. Ня выпрацаваны мэханізм вызначэньня агульнай лічбы тых, хто асеў, атрымаў від на жыхарства, захаваўшы паралельна беларускае грамадзянства. Таму статыстыка міграцыйная пакуль нават не набыла контураў”.

Любы прыклад зьмены краіны жыхарства мае суб’ектыўныя падставы, але адток кадраў у галіне навукі ўжо сымптаматычны. Штогоду Беларусь пакідае блізу 70 навукоўцаў і выкладчыкаў ВНУ. Прычына банальная — адсутнасьць фінансаваньня, што наўпрост адбіваецца на дабрабыце. Кандыдат фізычных навук Ігар Сташкевіч кажа, што калі ў БДУ заробкі яшчэ даюць, то бальшыня акадэмічных інстытутаў у бестэрміновых адпачынках. Таму для навукоўцаў пошук працы за мяжой — часта адзіны рэальны спосаб зарабіць на жыцьцё.

(Сташкевіч: ) “Нашых адмыслоўцаў за мяжой шмат, і калі зьяўляюцца вакансіі, адзін адному паведамляюць. Таму ад’яжджаюць хто часова на заробкі, хто, выехаўшы часова, больш не вяртаецца. Прыкладам, каб займацца навукай у Нямеччыне, не патрэбная нават працоўная віза: унівэрсытэты маюць права запрашаць з умовай, што як толькі кантракт скончыўся — едзь дахаты. Але тады распачынаюць новы праект... У нас ёсьць кадры, кваліфікацыя якіх усіх задавальняе”.

Зрэшты, адток у сфэры сэзонных працаў, таксама ня ўлічаных статыстыкай, ня меншы. Жыхар сталіцы Барыс Дубоўскі па турыстычнай візе год прабыў у Партугаліі. Патрапіў на элітную, як ён сам кажа, працу — па 14 гадзінаў на суткі будаваў гатэлі на ўзьбярэжжы Атлянтычнага акіяну.

(Дубоўскі: ) “Каб атрымаць легалізацыю, трэба ісьці на меншы заробак. Але гэта дае магчымасьць знайсьці легальную працу. Прыкладам, у Лісабоне заробкі прыстойныя, але ад перапрацовак. Восем гадзінаў адпрацаваў, і пайшлі звышнормы — 14 гадзінаў; субота і нядзеля — па восем. Тады атрымаеш 1000–1200 даляраў. Па мерках партугальскіх грошы не самыя вялікія. Мы не каціруемся, бо ведаюць нас з адмоўнага боку — у злачыннасьці сябе канкрэтна паказалі, а ў працы ня вельмі. Таму на сёньняшні дзень легалізацыя спыненая”.

Зьміцер Лыскавец за межамі Беларусі ўжо чатыры гады. Вяртацца не зьбіраецца, хоць пастаяннага месца дысьлякацыі ня мае. Зьміцер удзельнічае ў рызыкоўных экзатычных шоў: на пацеху наведнікам эўрапейскіх ды азіяцкіх аквапаркаў скача ў ваду з 25-мэтровага трампліну. Але рызыка кампэнсуецца прыстойнымі заробкамі.

(Лыскавец: ) “Па ўсёй Эўропе, дзе ёсьць аквапаркі з забаўляльнымі праграмамі, існуюць аналягічныя шоў. Каманды звычайна інтэрнацыянальныя. Працуюць амэрыканцы, ангельцы, бразыльцы, украінцы, беларусы. Зараз у бальшыні наш Менск. Вось мы ў Ганконгу працавалі, дык у нас у камандзе тры чалавекі былі зь Менску”.

Паводле адмыслоўцаў, колькасьць тых, хто па часе пакіне краіну, будзе расьці: аб’яднаньне Эўропы створыць новы цэнтар іміграцыйнага ўцягваньня, дзе лідэрам будзе Нямеччына. І варта Нямеччыне адчыніць “шлюзы” — высокаадукаваныя кадры хлынуць туды ў тым ліку і зь Беларусі. Пакуль жа паказьнікі міграцыйных суадносінаў на карысьць ЗША: акумуляваньне ўсясьветнага патэнцыялу там нашмат большае.
XS
SM
MD
LG