Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ДРУГІ ТУР ВЫБАРАЎ ПРЭЗЫДЭНТА ЛІТВЫ ПРАЙШЛІ АДАМКУС І ПАКСАС


Тацяна Поклад, Вільня

22 сьнежня літоўскія грамадзяне абіралі прэзыдэнта на наступны пяцігадовы тэрмін, які пачнецца ад 26 лютага 2003 г. У выбарах бралі удзел 17 кандыдатаў.

Усяго прагаласавала 53% грамадзянаў ад агульнае колькасьці тых, якія маюць права голасу. На поштах і дадатковых пунктах папярэднім галасаваньнем прагаласавалі 3,5% выбаршчыкаў. Колькасьць несапраўдных бюлетэняў – 1,3%. Найбольшую колькасьць галасоў атрымаў цяперашні прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус (35,2%). На другім месцы – Раландас Паксас, лідэр лібэральных дэмакратаў (19,9%). На трэцім – Артурас Паўласкас, лідэр сацыял-лібэралаў (“Новы Саюз”) – 8,6%. Далей – Вітаўтас Шэрэнас, вядучы папулярнай гумарыстычнай тэлеперадачы (7,8%), сацыял-дэмакрат Віцяніс Андрукайціс (7,3%), Казіміра Прунскене, стараста Соймаўскай партыйнай фракцыі саюзу Сялянскай партыі і Партыі новай дэмакратыі (5,4%). У малых мястэчках болей галасавалі за Р.Паксаса, вялікія месты, у тым ліку Вільня, Коўна, больш падтрымліваюць В.Адамкуса.

Такім чынам, як і чакалася, неабходны другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. Вышэйшая выбарчая камісія Літвы абвясьціла, што прэзыдэнт не абраны. Другі тур выбараў адбудзецца 5 студзеня 2003 г. Спаборнічаць будуць два кандыдата, якія мелі найбольшую колькасьць галасоў – В.Адамкус і Р.Паксас.

Нечаканасьцю, якой не прадбачылі ні сацыёлягі, ні аналітыкі, сталася пасіўнасьць выбаршчыкаў. Пакуль камэнтатары тлумачаць гэта няўдалым часам выбараў – напярэдадні Калядаў, а таксама стабільнасьцю і спакоем у краіне, што не спрыяе палітычнай актыўнасьці.

Другая неспадзяванка – высокі працэнт галасоў, атрыманых Р.Паксасам, – кандыдатам, які у сваёй перадвыбарчай праграме абяцаў найперш "зьмены" і "парадак". Яшчэ ўначы, калі сталі вядомыя першыя папярэднія вынікі прэзыдэнцкіх выбараў і было бачна, што наперадзе В.Адамкус і Р.Паксас, самыя розныя палітычныя партыі Літвы пачалі аб'ядноўвацца "дзеля стабільнасьці у краіне", то бок, супраць Р.Паксаса.

Найбольш папулярная у Літве партыя сацыял-дэмакратаў паведаміла, што, магчыма, пад час другога туру выбараў будзе падтрымліваць кандыдатуру В.Адамкуса. Пра сваю падтрымку кандыдатуры В.Адамкуса заявілі ўжо лібэралы (“Саюз лібэралаў”). На першым туры выбараў В.Адамкуса падтрымлівала партыя кансэрватараў Літвы "Саюз Айчыны".

Поўныя дадзеныя пра вынікі выбараў у мясцовыя органы ўлады сёньня яшчэ не абвешчаныя. Найперш лічылі вынікі галасаваньня прэзыдэнцкіх выбараў. Адносна выбараў у мясцовыя органы самакіраваньня ўжо вядома, што ў цэлым у Літве наперадзе сацыял-дэмакраты, але у розных рэгіёнаў – свае асаблівасьці. У самакіраваньнях Вільні і Коўна перамагла кіруючая кааліцыя лібэралаў і сучасных хрысьціянскіх дэмакратаў, якую называюць кааліцыяй А.Зуокаса, віленскага мэра.

У Віленскім краі, у паўднёва-ўсходняй Літве польская партыя "Акцыя Выборча" захавала большасьць мандатаў у раённых самакіраваньнях, але, у параўнаньні з папярэднімі кадэнцыямі, мусіла саступіць болей месцаў лібэралам, сацыял-дэмакратам, кансэрватарам.

Беларускі дэпутат, бізнэсовец Міхал Руневіч, які праходзіў па сьпісе "Акцыі Выборчай", абраны у Віленскае раённае самакіраваньне. Беларускі дэпутат у Салечніцкім раёне, бізнэсовец Уладзімер Кот, які йшоў разам з партыяй "Саюз Цэнтру", таксама атрымае мандат на чатырохгадовую кадэнцыю. Прыярытэтамі сваёй дзейнасьці Ў.Кот лічыць абарону эканамічных інтарэсаў беларусаў і ўсяго свайго раёну. У раённым самакіраваньні яго партыя плянуе кааліцыю з сацыял-дэмакратамі. У Салечніцкім раёне актыўнасьць выбаршчыкаў была найменшая – 43%.

Цягам наступных пяці дзён Вышэйшая выбарчая камісія спраўдзіць і пацьвердзіць вынікі выбараў. Парушэньняў падчас выбараў не адзначана. Дзейнічае адмысловая тэлефонная лінія, якая прымае скаргі і заўвагі грамадзянаў адносна ходу выбараў.
XS
SM
MD
LG