Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШЛЯХ ДА НОВАГА ПРАДСТАЎНІЦТВА АБСЭ АДКРЫТЫ?


Ул. інф.

Калі верыць паведамленьню такой саліднай венскай газэты, як “Die Presse”, у дачыненьнях Менску і Захаду настае разрадка. З крыніцаў у дыпляматычных колах карэспандэнту выданьня ўдалося даведацца пра гэтак званыя кампрамісныя паперы. Згодна зь імі, асноўны кірунак дзейнасьці новай місіі вызначаецца цяпер як назіраньне за правамі чалавека. Менск, са свайго боку, мусіць стварыць адпаведныя ўмовы для будаўніцтва ў краіне праўнай дзяржавы, а таксама несьці адказнасьць за нармалізацыю стасункаў з NGO.

Місія АБСЭ, у сваю чаргу, мусіць ня толькі адсочваць сытуацыю з дэмакратычным разьвіцьцём, але, галоўным чынам, займацца ажыцьцяўленьнем эканамічных і экалягічных праграмаў. Паводле “Die Presse”, верагодна, што новае бюро АБСЭ распачне сваю працу ўжо ад 1 студзеня.

Камэнтуючы гэтае паведамленьне аўстрыйскага выданьня, аглядальнікі Нямецкага Радыё (WDR) зьвяртаюць, аднак, увагу і на тую акалічнасьць, што само кіраўніцтва АБСЭ пакуль ніяк не пацьвердзіла наяўнасьць нейкага прарыву ў перамовах. Немцы, для якіх у гэтай гісторыі надзвычай хвалючым момантам зьяўляецца факт прызнаньня афіцыйным Менскам дыплямата Эбэргарда Гайкена, ня робяць таямніцы з таго, што іхная дыпляматыя прыклала шмат намаганьняў для прарыву ў гэтых перамовах.

Журналісты спасылаюцца на наступныя выказваньні прэсавага сакратара АБСЭ Кейта Джынкса: неўзабаве паміж бакамі можа быць дасягнутае пагадненьне адносна назіраньня за захаваньнем правоў чалавека ў Беларусі, і з гэтай фармулёўкай могуць пагадзіцца ўсе сябры АБСЭ.

Паводле нямецкіх журналістаў, калі Менск, са свайго боку, насамрэч пагадзіцца з такім кірункам дзейнасьці місіі, то ён зможа трапіць, так бы мовіць, з агня ў пекла. Бо менавіта ў гэтай галіне ў Беларусі ёсьць шмат чаго для назіраньня і праверак.

Як лічыць палітычны камэнтатар “Hessischer Rundfunk”, Лукашэнка, які паспрабаваў выставіць КНГ за тое, што тая рыхтавала назіральнікаў за выбарамі й да таго ж здолела скансалідаваць апазыцыю, вымушаны нейкім чынам перагледзець свае пазыцыі. Хутчэй за ўсё, ён зразумеў, што кіраўніцтву афіцыйна прызнанай дзяржавы не выпадае быць невыязным. Сварыцца далей з Эўразьвязам пры цяперашніх ня самых лепшых дачыненьнях з Крамлём, Менску не на руку.

Вядомы бэрлінскі палітоляг Аляксандар Рар у гэтым зьвязку выказвае наступнае меркаваньне:

(Рар: ) “Думаю, што Лукашэнка апынуўся прыкладна ў такой жа сытуацыі, што і Садам Хусэйн у Іраку. Ён разумее, што супраць яго дзейнічаюць сілы, супраціў якім немагчымы і бессэнсоўны Таму Лукашэнка і мусіць гуляць паводле тых правілаў, зь якімі ён раней пагадзіўся ў Стамбуле і выкананьня якіх чакаюць ад яго краіны ЭЗ”.

Тым часам, другі вядомы нямецкі экспэрт у беларускім пытаньні доктар Гайнц Тымэрман, камэнтуючы венскія перамовы, лічыць найбольш верагодным, што новая місія АБСЭ распачне сваю працу не раней за вясну. Аднак, у любым выпадку, і для Расеі, і для Захаду надзвычай важная прысутнасьць у Менску гэтай групы назіральнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG