Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РАСЕЙСКІЯ МУСУЛЬМАНЕ РОБЯЦЦА МІШЭНЬНЮ


Кастусь Бандарук, Прага

У Расеі прыблізна 20 мільёнаў мусульманаў. Яны зьяўляюцца найбольшай і самай ўплывовай меншасьцю ў краіне, – нагадвае “Washington Post”. Як і праваслаўе, іслам мае ў Расеі доўгія традыцыі. У параўнаньні да 1970-х гадоў праграмнага атэізму, за апошняе дзясяцігодзьдзе іслам перажывае бурнае адраджэньне. Паводле газэты, менавіта гэта, цалкам незалежна ад вайны ў Чачэніі і тэрактаў 11 верасьня, насьцярожвае многіх расейцаў. Пасьля захопу закладнікаў ў Маскве міліцыя пачала затрымліваць мусульманаў, канфіскоўвае пашпарты і высылае з краіны. На рынках азіяцкіх гандляроў атакуюць расейскія скінгеды, а міліцыя нахабна абкладае іх вялікімі кантрыбуцыямі ў замен на дазвол застацца ў Расеі, – піша “Washington Post”.

“Тэракты толькі ўмацавалі антыісламскія настроі ў тае часткі расейскага грамадзтва, якая і да таго варожа ставілася да ісламу. Зараз яны лічыць гэтую рэлігію ідэалёгіяй тэрарызму”, – кажа прафэсар маскоўскага Інстытуту ўсходніх дасьледаваньняў Робэрт Ланда. “Як і ў сталінскія часы, мы лічымся “падазронымі” толькі таму, што ходзім ў мячэт”, – заявіў журналіст з Арэнбурскай вобласьці Фарыд Нагуманаў. Яго выкінулі з працы за тое, што ён супраціўляўся пабудове праваслаўнага храму побач з ісламскімі могілкамі.

Паводле “Washington Post”, у Расеі сынонімам ісламскага экстрэмізму і фанатызму стаў “вахабізм”. Гэта абурае лідэраў расейскіх мусульманаў.

Справа ў тым, што вахабітамі ў Расеі сталі называць чачэнскіх партызанаў, і на хвалі барацьбы з вахабізмам міліцыя і сілы бясьпекі канфіскуюць любую ісламскую літаратуру, улучна з Каранам. “Чаму тэрарыстаў не назваць проста тэрарыстамі? Ці ж нехта называе ірляндзкіх тэрарыстаў хрысьціянамі?” – задаецца пытаньнем муфцій азіяцкай часткі Расеі Нафігула Ашыраў.

Насамрэч вахабізм зьяўляецца рэфармаванай формай ісламу, што ў хрысьціянстве адпавядае прыблізна лютэранству. Аднак “вахабітамі” абзываюць адзін аднаго таксама лідэры расейскіх мусульманаў: Талгат Таджгудзін і Равіл Гайнутдзін, якія даўжэйшы час спаборнічаюць паміж сабою. Таджгудзін лічыць, што ў Расеі 100 тысячаў вахабітаў і што ім спрыяе ягоны канкурэнт . Затое Гайнутдзін паказвае здымак Таджгудзіна побач з братам Асамы Бін Лядэна і кажа, што той атрымлівае фінансаваньне ад вахабітаў з-за мяжы.

“Зараз жыць тут мусульманам стала вельмі цяжка”, – кажа імам Якуб Вальюлін, які баспасьпяхова спрабуе пабудаваць у маскоўскай вобласьці мячэт. Каб атрымаць дазвол, ён павінен адказаць на такія пытаньні: ці будзе ў мячэце перахоўвацца зброя? ці будуць у ім абвучаць тэрарызму? Паводле Вальюліна, месца традыцыйнага антысэмітызму ў Расеі цяпер заняў антыісламізм. Часткова спрыяе гэтаму і сам прэзыдэнт Уладзімер Пуцін. Праўда, афіцыйна ён заяўляе, што іслам нельга атаесамляць з тэрарызмам, але іншым разам кажа, што вайна ў Чачэніі ёсьць часткай вайны паміж хрысьціянствам і ісламам, – піша амэрыканская газэта “Washington Post” у артыкуле “Расейскія мусульмане робяцца мішэньню”.
XS
SM
MD
LG