Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬМЕРЦЬ АНДРЭЯ ЗАЙЦАВА І ПРАЗ ГОД ЗАСТАЕЦЦА ЗАГАДКАЙ


Казімер Яноўскі, Гомель

Бацька Андрэя Юры Зайцаў напісаў шэраг заяваў у органы пракуратуры ў спадзяваньні, што будзе распачатая крымінальная справа. Гэта давала б падставу правесьці разнастайныя дзеяньні, у тым ліку ідэнтыфікацыю голасу супрацоўніка УКГБ, які тэлефанаваў Андрэю і выказваў пагрозы. Андрэй запісаў размову на дыктафон.

Аднак пракуратура Савецкага раёну Гомеля падставаў для крымінальнай справы не знаходзіць. Распавядае бацька Андрэя:

(Зайцаў: ) “Тут атрымліваецца так. Раённая пракуратура закрывае справу і кажа, што няма падставаў для крымінальнай справы. Абласная пракуратура вяртае на дасьледаваньне. Доўгі час сьледчыя раённай пракуратуры не змаглі правесьці апытаньне ўсіх сьведкаў. Гэтым разам, як быццам бы, усіх дапыталі, у тым ліку і супрацоўніка УКГБ Ястрэмскага. Так мне, ва ўсякім разе, кажуць. Цяпер чарговы раз чакаю ліста ад абласной пракуратуры. Калі зноў будзе адмоўны адказ, можна зьвяртацца ў генэральную пракуратуру”.

У абласной пракуратуры пакуль яшчэ не праверылі абгрунтаванасьць ужо трэцяй адмовы пракуратуры Савецкага раёну ўзбудзіць крымінальную справу па факту сьмерці Андрэя Зайцава. Спасылаюцца на загружанасьць. Начальнік аддзелу нагляду за сьледзтвам у органах пракуратуры Аляксандар Самойленка патлумачыў:

(Самойленка: ) “Мы праверым рашэньне пра адмову. Паглядзім, наколькі выкананыя нашыя ўказаньні. Калі ня выкананыя, кагосьці пакараем”.

Сябры памерлага Андрэя лічаць яго мужным, адданым Беларусі чалавекам. “Я думаю, Андрэй — герой. Яго спрабавалі завэрбаваць, яму пагражалі. Калі гэтая ўлада сыдзе, я думаю, трэба паставіць яму помнік”, — сказаў, у прыватнасці, гамяльчук Юры, сябар незарэгістраванага моладзевага руху “Зубр”.
XS
SM
MD
LG