Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАНІСЛАЎ БАГДАНКЕВІЧ: УВЯДЗЕНЬНЕ 50-ТЫСЯЧНАЙ БАНКНОТЫ ВЫКЛІКАНАЕ ВЫСОКАЙ ІНФЛЯЦЫЯЙ


Міхал Стэльмак, Менск

Паводле афіцыйнага тлумачэньня, новая банкнота ўведзеная з мэтай удасканаленьня нацыянальнай грашовай сыстэмы. Вось што зазначыў на гэты конт нашаму радыё прэсавы сакратар Нацыянальнага банку Міхаіл Журавовіч:

(Журавовіч: ) “Трэба адзначыць, што апошнім часам у Беларусі падвысілася сярэдняя заработная плата. І на сёньняшні дзень яна складае звыш 100 даляраў альбо ў нацыянальнай валюце — звыш 200 тысяч беларускіх рублёў. Самая вялікая дзейная купюра памерам 20 тысяч рублёў ужо не магла задавальняць патрэбы як насельніцтва, так і выконваць апэратыўную разьліковую функцыю. Таму і ўводзіцца цяжкая купюра вартасьцю 50 тысяч рублёў. Гэта азначае, што сярэдні заробак можа зьмясьціцца ў чатыры такія паперкі”.

Інакш мяркуе былы кіраўнік Нацбанку прафэсар Станіслаў Багданкевіч. Паводле яго, увядзеньне новай банкноты выкліканае імклівым ростам інфляцыі ў краіне:

(Багданкевіч: ) “Беларусь на постсавецкай прасторы застаецца ці не адзінай краінай, дзе галопам скачуць цэны. У лістападзе, напрыклад, інфляцыя склала 3,2%. У той жа час, скажам, у прыбалтыйскіх краінах цэны за год падвышаюцца меней як на 3%. І гэта пры тым, што ў Беларусі Аляксандар Лукашэнка ўласнаручна ходзіць па крамах ды кантралюе цэны. Высокая інфляцыя ёсьць наступствам ягонай палітыкі. Я падлічыў, што за пэрыяд са сьнежня 1995 году па кастрычнік сёлетняга году цэны ў Беларусі павялічыліся ў 295 разоў”.

У цяперашніх жа кіраўнікоў Нацбанку фінансавыя працэсы не выклікаюць трывогі. Гаворыць Міхаіл Журавовіч:

(Журавовіч: ) “На сёньняшні дзень інфляцыя сьведчыць пра стабілізацыю. Я спадзяюся, што ў далейшым нам і не спатрэбіцца больш цяжкая купюра”.

(Карэспандэнт: ) “Ці азначае ўвядзеньне новай банкноты адтэрміноўку грашовай інтэграцыі з Расеяй?”

(Журавовіч: ) “Безумоўна, не. Таму што ўвядзеньне адзінай грашовай адзінкі Беларусі й Расеі — гэта, найперш, не эканамічнае, а палітычнае пытаньне”.

Як вынікае зь яго тлумачэньня, ня выключана, што ў хуткім часе ў Беларусі зьнікнуць дробныя грошы. Нацбанк прапанаваў Міністэрству эканомікі вывесьці з абарачэньня банкноты малой вартасьці. Аднак пэўнасьці з гэтай ініцыятывай пакуль няма.

Дарэчы, Станіслаў Багданкевіч нагадаў, што ў Беларусі захоўваюцца грошы, вырабленыя падчас яго кіраваньня Нацбанкам:

(Багданкевіч: ) “Яны знаходзяцца ў Мачулішчах, што каля Менску. Там ёсьць сховішча, яны ляжаць там. Але ўводзіць іх пры такой інфляцыі ды пры адсутнасьці рынкавай эканомікі нельга. На іх выраб было выдаткавана ў свой час 20 мільёнаў даляраў. З другога боку, на іх выява гербу “Пагоня” і мой подпіс, таму я маю сумнеў наконт іх запатрабаванасьці пры цяперашняй уладзе”.
XS
SM
MD
LG