Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ АДКРЫТЫ ПЕРШЫ ЧАТЫРОХЗОРКАВЫ ГАТЭЛЬ


Ігар Карней, Менск

Колісь у гатэлі “Менск” жылі дэпутаты Вярхоўнага Савету. Блізка да Дому ўраду, дый нумары адпавядалі тады яшчэ непераборліваму густу звыклых да савецкага сэрвісу людзей. А хто зараз будзе сярод пастаяльцаў? Ва ўмовах згортваньня інвэстыцыйнай актыўнасьці чакаць наплыву замежных бізнэсоўцаў ды мэнэджэраў не выпадае. Нават пры тым, што Беларусь штогод наведваюць 50 тысяч замежных турыстаў (пераважна — транзытам у Расею), наўрад ці і яны будуць гатовыя плаціць па рахунках.

Сярэдні кошт нумару — 100 даляраў за суткі. Ёсьць люксы за 300 даляраў, а VIP-нумары нават за 750 даляраў. Але кіраўніцтва гатэлю спадзяецца, што пуставаць пакоі ня будуць. Гаворыць галоўны мэнэджэр Андрэй Валодзькін:

(Валодзькін: ) “Пры тым, што нумары сапраўды нятанныя, было б глупствам будаваць такі гатэль і не спадзявацца на ягонае запаўненьне. Багатыя людзі ёсьць усюды”.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Генадзь Казлоў дзесяць гадоў таму часта заходзіў у “Менск” да сваіх калегаў. Зараз ён кіруе падобным сталічным гатэльным комплексам — “Плянэта”. І ўпэўнены, што канкурэнтам наканаванае нялёгкае існаваньне.

(Казлоў: ) “Ня думаю, што ўсё будзе ў іх вельмі гладка. Найперш, трэба вярнуць вялізныя грошы, укладзеныя цягам будоўлі. Шмат ужо страчана ад неаднаразовых затрымак тэрміну здачы. Ня буду хаваць, я часам адмыслова езьдзіў побач, сачыў за працэсам: спачатку быццам падабалася, а потым — ня вельмі. Ёсьць шмат нюансаў. Адзін з галоўных — экалёгія: 6200 аўто пад вокнамі за гадзіну — як вам такая статыстыка?

Пакуль магу пажадаць гатэльнаму комплексу “Менск” посьпехаў, але будзе нялёгка. Яны пастаўленыя ў такія ж умовы гаспадараньня: для грамадзянаў Беларусі кошт адзін, для СНДшнікаў — другі, для астатніх іншаземцаў — трэці. Хоць усё аднолькавае — і прасьціны, і туалетная папера”.

Сёньня Андрэй Валодзькін пацьвердзіў: паводле заканадаўства, няроўны кошт для грамадзянаў розных краінаў распаўсюджваецца на ўсе беларускія гатэлі, незалежна ад формы ўласнасьці. І менавіта з гэтай прычыны усе без выключэньня гатэлі церпяць вялікія страты.

Адноўлены з дапамогай турэцкага капіталу гатэльны комплекс “Менск” меліся здаць яшчэ 3 ліпеня — у прызначаны Лукашэнкам Дзень Незалежнасьці. Аднак канфлікт, які напярэдадні разгарэўся паміж падрадчыкам — турэцкай фірмай “Эмсаш” і Міністэрствам падаткаў і збораў, ледзьве ня стаўся прычынай спыненьня будаўнічых працаў наагул.

Тады туркаў паставілі перад фактам, што тыя вінныя бюджэту 800 мільёнаў рублёў у якасьці падатку на даданы кошт і 2,8 мільярдаў рублёў штрафных санкцыяў. Быў заблякаваны рахунак. У падатковай інспэкцыі Маскоўскага раёну Менску патлумачылі, што пакуль ішла будоўля, зьмянілася падатковае заканадаўства: нерэзыдэнтаў прыраўналі да мясцовых.

Як ужо неаднойчы было, запатрабавалася дэманстратыўнае ўмяшальніцтва Лукашэнкі, каб санкцыі падатковых органаў былі адкліканыя. Сёньня сам Лукашэнка і прымаў чатырохзоркавы даўгабуд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG