Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЎСТРЫЙЦЫ НАБЫЛІ ПАЛОВУ АКЦЫЯЎ “ПРЫЁРБАНКУ”


Ул. інф.

Як паведаміў у размове з карэспандэнтам венскай “Der Standard” адказны прадстаўнік беларускай амбасады, сума ўгоды складае 30 мільёнаў эўра. Створаны ў 1989 годзе “Прыёрбанк” — трэці паводле велічыні сярод 28 беларускіх банкаў. Паводле экспэртаў, у выніку аб’яднаньня з RZB “Прыёрбанк” складзе сапраўдную канкурэнцыю “Зьнешэканомбанку”, бо атрымае фактычны доступ у Эўропу і стане адзіным беларускім банкам зь філіяламі на Захадзе.

Што да аўстрыйскага банку, то ягонае кіраўніцтва ў асобе генэральнага дырэктара Вальтэра Ротэнштайнэра таксама задаволенае пэрспэктывай стварэньня сваіх даччыных філіяў у Беларусі. Заснавальнікі RZB Райфайзэны калісьці стварылі гэты банк у выніку аб’яднаньня сялянскіх каапэратываў. Доўгі час пры банку існаваў гэтак званы лямбардны клюб, і грошы круціліся вакол закладу маёмасьці. Так было да распаду сацыялістычнага блёку на эўрапейскім кантынэнце, пасьля якога RZB пачаў адкрываць філіі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.

Сёньня ў 13 краінах гэтага рэгіёну дзейнічаюць 14 даччыных прадпрыемстваў RZB. Па сутнасьці, менавіта ўсходнія апэрацыі дапамаглі банку дасягнуць сапраўднай вагі ў банкаўскім сьвеце. Як піша “Der Standard”, менавіта ў “Reiffeisene” адрозна ад іншых аўстрыйскіх банкаў штогоду павялічваецца колькасьць працоўных месцаў. У выніку апошніх пакупак “Кrekova Banka” ў Славеніі і “Амerican Bank” у Косаве на працу ў “Reiffeisen” прыйшлі каля тысячы новых супрацоўнікаў.Сёньня у RZB занята каля 17 тысяч адмыслоўцаў. З адкрыцьцём філіяў у Беларусі колькасьць супрацоўнікаў, безумоўна, узрасьце.

Паводле экспэртаў, прысутнасьць на Ўсходзе дазваляе RZB з кожным годам паляпшаць сваю маржу. У перакладзе з мовы банкіраў, гэта розьніца паміж паступленьнем сродкаў і іхным разьмяшчэньнем, гэтак званая праца грошай, тое, на чым жывуць банкі. У размове з карэспандэнтам “Der Standard” дырэктар RZB Вальтэр Ротэнштайнэр назваў 2002 год надзвычай пасьпяховым. Прыбытковыя паказчыкі ўзрасталі, сёлетні рост балянсу склаў 5,2% ад 47 мільярдаў эўра.

Для стварэньня ўсходнеэўрапейскага голдынгу RZB плянуе знайсьці ў 2003 годзе адпаведнага фінансавага партнэра. Ня выключана, што гэта будзе нейкая буйная страхавая кампанія. Яшчэ раней аўстрыйская прэса пісала пра ўкараненьне на беларускім рынку вядомай страхавой фірмы “Staedtische”.

Як лічаць заходнія назіральнікі, актыўны, але тым ня менш ціхі прыход аўстрыйскага капіталу ў Беларусь назіраецца пасьля сёлетняй паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Аўстрыю. Як вядома, беларускі кіраўнік наведаў гэтую краіну на запрашэньне дырэктара аўстрыйскіх казыно Леа Вальнэра.
XS
SM
MD
LG