Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК МЕНЧУКІ РЫХТУЮЦЦА ДА КАЛЯДАЎ


Галіна Абакунчык, Менск

Сустракаць Каляды мае сёньняшнія суразмоўцы рыхтуюцца па-рознаму. Клясычнага варыянту — са сьвяточным набажэнствам і калядным сталом — прытрымліваюцца перадусім людзі сталага веку.

(Спадарыня: ) “Чакаем з радасьцю гэтага дня. Дома прыбіраемся. На стале будуць трынаццаць посных страваў, сена, Ісус Хрыстос на сене, аплатак сьвяты”.

(Спадарыня: ) “Чытаю малітвы, захоўваю пост, пайду ў храм на ўсяночную службу. А пасьля буду ўвесь дзень вельмі шчасьлівая”.

(Спадар: ) “Найперш гэта пост і праца. Стараюся зрабіць сваім блізкім і сваякам нешта добрае, бо гэта самае вялікае сьвята”.

(Спадарыня: ) “Я да Калядаў пайду ў касьцёл, будзе ў мяне Куцьця. Падарункі ўнучцы я ўжо набыла: сукеначку й кашульку”.

(Спадарыня: ) “Даў Бог мне яшчэ ўбачыць нашую грэка-каталіцкую царкву. Так што я й мая сям’я пойдзем у нашую ўніяцкую царкву. А пасьля сядзем за стол”.

Моладзь з розных прычынаў да Калядаў рыхтуецца менш, хоць і ўважае гэтае сьвята за адно з найвялікшых.

(Дзяўчына: ) “Як я рыхтуюся да Калядаў? Ніяк. Таму, што Новы год — ён ёсьць, а Каляды — не адчуваецца гэтага сьвята”.

(Юнак: ) “Ніяк не рыхтуюся, таму што няма ў мяне часу пакуль што рыхтавацца да гэтага найвялікшага сьвята”.

(Дзяўчына: ) “Ніяк не рыхтуюся. Я адна гадую дзіця, і ў мяне няма на гэта сродкаў. А калі знаходзісься ў такім становішчы, што няма грошай і няма выйсьця, то цяжка думаць пра сьвята”.

Тыя з маладых, якія рыхтуюцца да Калядаў, традыцыйнае сьвяткаваньне намерваюцца спалучыць з сучаснасьцю.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы рыхтуецеся да Калядаў?”

(Дзяўчына: ) “Найперш духоўна. Гэта схадзіць да споведзі, рабіць нешта добрае сваім знаёмым, блізкім. Упрыгожваем дома елку”.

(Дзяўчына: ) “Да Калядаў? Я працую ў каледжы мастацтваў, і мае студэнткі намерваюцца калядаваць у мэтро. Надзенуць маскі, цяпер развучваюць розныя калядныя сьпевы”.

(Дзяўчына: ) “Я сьпяваю ў хоры Петрапаўлаўскай царквы й адразу ж, як на небе зьявіцца зорка, мы пойдзем ноччу калядаваць па сваіх знаёмых, суседзях. Чакаем смачных і цікавых падарункаў. Жадаем усім людзям дабра, каханьня й каб усё было добра”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG