Ёсьць сярод нашай аўдыторыі нямала слухачоў, якія адмоўна ставяцца да дзейнасьці Радыё Свабода, цалкам ухваляюць палітыку цяперашняй улады і, тым ня менш, ледзь ня штовечар настройваюцца на нашую хвалю і пільна слухаюць праграму. Адзін з такіх слухачоў — Аляксей Плескацэвіч зь вёскі Дарава Ляхавіцкага раёну. На ягоны ліст я сёньня хачу зьвярнуць асаблівую ўвагу. Аляксей Плескацэвіч піша:
“У вас хапае сумленьня сьцьвярджаць, што народны прэзыдэнт Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка — дыктатар. Яго вы абвінавачваеце ва ўсіх бедах і ня хочаце ўсьвядоміць, што гэтым абвінавачваеце наш народ, які Лукашэнку выбраў. А жывем мы дакладна гэтак, як працуем. І някепска жывем. І вялікія, і малыя гарады ў нас аперазаныя “царскімі сёламі” з палацамі. З-за патоку прыватных машынаў цяжка перайсьці вуліцу. Сядзім у цяпле, вельмі нават танным. Што яшчэ патрэбна?” — задае рытарычнае пытаньне Аляксей Плескацэвіч зь вёскі Дарава Ляхавіцкага раёну.
Маю вялікі сумнеў, спадар Плескацэвіч, што гэтыя “царскія сёлы” можна лічыць паказьнікам высокага дабрабыту беларусаў. Пабудаваныя яны ў асноўным на пачатку 1990-х гадоў, калі ва ўмовах гіпэрінфляцыі намэнклятура, карыстаючыся ўладай, набрала ў дзяржавы крэдытаў (а фактычна бязвыплатных ссудаў) і за іх набудавала безгустоўных і неэканамічных гмахаў. Большасьць іх дагэтуль не даведзеныя да ладу — бясплатных крэдытаў больш няма. У многіх немагчыма жыць узімку, настолькі высокія выдаткі на ацяпленьне.
Вашае цьверджаньне пра тое, што мы, як вы пішаце, “сядзім у танным цяпле” — многія палічаць зьдзекам. Асабліва тыя, у каго тэмпэратура ў кватэрах у выніку абвешчанай дзяржавай кампаніі эканоміі энэрганосьбітаў не паднімаецца вышэй за 15 градусаў.
Ліст Аляксея Плескацэвіча даўгі, у ім шмат лаянкі і абразьлівых абвінавачаньняў, якія я, натуральна, не цытую. Але ёсьць і прапановы. Яшчэ адна цытата:
“Магазіны і рынкі ў нас заваленыя сьвіным сьвежым салам, якое намнога таньней за вараную каўбасу. Нават спэкуляцыю дазволілі, хоць і сарамліва называюць яе бізнэсам. Вы ўсё плачаце — як мала і зь вялікімі затрымкамі плацяць у калгасах. І ні слова пра тое, як выйсьці з гэтага становішча. А выйсьце ёсьць. Раз вам так кепска ў тым Менску — едзьце ў вёску. Вазьміце зямлі столькі, колькі можаце апрацаваць — рыдлёўкай, канём ці трактарам. На зямлі працуючы, багатым ня будзеш, а будзеш гарбатым. Але з голаду не памрэш. І ня трэба будзе вам станавіцца на шлях здрады і паклёпу”.
У першай палове 1990-х гадоў, калі Аляксандар Лукашэнка яшчэ толькі прыйшоў да ўлады, было вельмі шмат ахвотных узяць зямлю, стаць фэрмэрамі... Што яны атрымлівалі ад дзяржавы? Ні крэдытаў, ні тэхнікі. Зямлю — як правіла, аддаленыя няўдобіцы, пясок ці балота...
Адначасова сотні мільёнаў даляраў штогод накіроўваліся на падтрымку неэфэктыўнай калгаснай сыстэмы. Сёньня, калі калгасы на вачах распадаюцца, калі ў іх няма ні грошай, ні тэхнікі — улада ўжо гатовая раздаваць зямлю. Але час страчаны.
А тое сьвежае сьвіное сала, таннасьць якога так ўражвае вас, спадар Плескацэвіч, хутчэй за ўсё, прывезенае з Польшчы, дзе яго ў прыватнага гаспадара можна купіць удвая таньней, чым на беларускім рынку і дзе яно даўно ўжо ня ёсьць асноўным харчам польскага селяніна.
Аляксей Плескацэвіч адклікнуўся таксама на нядаўні прысуд, вынесены журналісту Віктару Івашкевічу за крытыку Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ адна цытата зь ліста:
“Вялікага правакатара-дывэрсанта Віктара Івашкевіча нарэшце паставілі на месца. Толькі трэба было саслаць яго не ў Баранавічы — адзін з найлепшых гарадоў Беларусі, а куды-небудзь у Слаўгарад-Прапойск, Брагін ці Хойнікі. Там ён паразумнеў бы хутчэй, чым у Баранавічах, дзе хапае такіх жа, як ён. Тут улады далі маху. Відаць, нямала перапала тым, хто адказвае ў міністэрстве за пакараньні. Толькі б тэрмін яму ня зьменшылі”, — апасаецца Аляксей Плескацэвіч зь вёскі Дарава Ляхавіцкага раёну.
Мяркуючы па вашым лісьце, спадар Плескацэвіч, вы часта й вельмі ўважліва слухаеце Беларускую Свабоду — ведаеце многія прозьвішчы, тэмы, сюжэты... Дзіўна, што пры такой нянавісьці да нас і нашай працы (словы “банда” і “дывэрсія” ў вашым лексыконе — самыя мяккія) вы, тым ня менш, ледзь ня штовечар настройваецеся на нашую хвалю. Паведамленьняў “Советской Белоруссии”, якая піша пра Лукашэнку гэтак жа, як вы ў сваім лісьце, вам чамусьці недастаткова. Думаю, вы самі ведаеце — чаму.
Дзяржава, у якой журналістаў пазбаўляюць волі за крытыку ўлады, ня мае шанцаў быць далучанай да дэмакратычнай Эўропы. І ня думаю, што большасьць людзей у Беларусі задавальняе такая пэрспэктыва і што для іх паказьнікам дабрабыту ёсьць шматок таннага сала на стале.
Некалькі лістоў пра надзённыя клопаты нашых слухачоў. Алег Жылянін зь Менску яўна не пагадзіўся б з развагамі Аляксея Плескацэвіча. Слухач так распавядае пра сваё жыцьцё:
“У мяне сям’я — жонка, дзіця трох з паловай гадоў. Чакаем яшчэ адно дзіця. У двухпакаёвай кватэры, апроч нас, жывуць яшчэ сястра зь сям’ёй і бацька — усяго восем чалавек. Думаю, вы разумееце, што гэта за ўмовы. Двойчы зьвярталіся ў выканкам, прасілі крэдыт ці хоць бы якое часовае жыльлё, інтэрнат. Ва ўсім нам адмовілі. Кажуць — няма фондаў.
Прапануюць будавацца за свой кошт. Але дзе мы можам узяць 14000–20000 даляраў? Мы людзі простыя, небагатыя. Жонка да дэкрэтнага адпачынку працавала настаўніцай у школе, я працую электрамэханікам. Будавацца за ўласны кошт немагчыма. Але і жыць так далей немагчыма. Вось і задумваесься пра свае канстытуцыйныя правы й свабоды — пра тое, як яны рэалізуюцца на практыцы”, — напісаў Алег Жылянін зь Менску.
У падобным становішчы дзясяткі тысяч маладых сем’яў. Так, Беларусь — небагатая дзяржава. Але ў яе чамусьці знаходзяцца грошы на звышдарагія амбітныя будоўлі й фэстывалі, на ўтрыманьне самай вялікай ва Ўсходняй Эўропе арміі, на шматлікія спэцслужбы... Калі б ня ўсё гэта, у беларускіх бюджэтнікаў былі б зусім іншыя заробкі, і ўласная кватэра для іх не выглядала б такой недасягальнай марай.
Cвае трывогі і ў людзей сталага веку. Пэнсіянэр Віктар Баранаў з Рагачова піша:
“Знайшліся ва ўладзе “разумнікі” — прапанавалі павялічыць у Беларусі пэнсійны ўзрост. Гэта ў дзяржаве, дзе большасьць мужчын і цяпер не дажывае да пэнсіі, дзе працоўных месцаў не хапае нават маладым, а стаўленьне да людзей паўсюль хамскае. І якую працу яны могуць прапанаваць зношаным людзям, якім за пяцьдзясят, ня кажучы ўжо пра больш сталы ўзрост?
...Людзі абураюцца: навошта будаваць столькі лядовых палацаў? Навошта мільёны даляраў на здымкі некалькіх фільмаў? Навошта будаўніцтва гіганцкай бібліятэкі, калі і ў тыя бібліятэкі, што ёсьць, людзі ня ходзяць, і няма грошай, каб іх утрымліваць?” — напісаў пэнсіянэр Віктар Баранаў з Рагачова.
Ідэя павялічыць пэнсійны ўзрост мае на мэце, спадар Баранаў, ня тое, каб працаўладкоўваць старых людзей, а найперш каб не плаціць ім з пэнсійнага фонду. Павелічэньне пэнсійнага ўзросту яшчэ на пяць гадоў ва ўмовах Беларусі азначае, што большасьць людзей да пэнсіі не дажыве. Для дзяржавы вялізная эканомія. Але відавочны і другі бок гэтай праблемы — маральны: з заробкаў усё жыцьцё прымусова рабілі адлічэньні на будучую пэнсію, якую ніколі не атрымаюць ні самі гэтыя людзі, ні іхныя нашчадкі.
Аляксей Яшуцэвіч, які адбывае пакараньне на “хіміі” ў вёсцы Першага Мая Пухавіцкага раёну піша:
“Я былы прадпрымальнік і былы кіроўца-прафэсіянал з 20-гадовым стажам. На доўгія чатыры гады мяне адарвалі ад сям’і з двума дзецьмі, зрабіўшы безь віны вінаватым. Я працаваў на грузавіку і трапіў у аварыю. У маю машыну ззаду, пры абгоне, урэзаўся легкавік, і мяне ж у гэтым абвінавацілі. У судзе не было асноўных сьведкаў і аўтаэкспэрта, а агляд аўтамабіля і ўсе высновы рабіліся завочна, без майго ўдзелу. Касацыйная скарга таксама не разглядалася.
Адпрацаваўшы два гады ў беларускіх калгасах і ня маючы парушэньняў, я, аказваецца, не магу разьлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, нават з улікам амністыі. І з кожным днём усё больш залажу ў даўгі...”
Пры канцы аўтар ліста Аляксей Яшуцэвіч, які напісаў са свайго месца зьняволеньня ў вёсцы Першага Мая Пухавіцкага раёну, выказвае жаданьне больш падрабязна распавесьці пра тое, як яго, як ён лічыць, “падставілі”, як судзілі й за кошт чаго жывуць так званыя “хімікі”.
Быць судзьдзём у вашай, спадар Яшуцэвіч, гісторыі цяжка. Аварыя, у якую вы трапілі, мяркуючы па ўсім, скончылася трагічна, з ахвярамі. І дзеля таго, каб у падобных сытуацыях ставіць пад сумнеў рашэньне суду, патрэбныя важкія падставы. Прычынаў для палітычнага перасьледу, як можна зразумець з вашага ліста, ва ўладаў у дачыненьні да вас не было.
А вось пра жыцьцё ў вас, на так званай “хіміі”, зь цікавасьцю даведаліся б. Тым больш, што ў падобныя ўстановы апошнім часам трапляюць ня толькі кіроўцы, якім не пашанцавала на дарозе, але і журналісты, што крытыкуюць палітыку Лукашэнкі.
На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Ян Грыб, Мікалай Лясовіч і Васіль Пясецкі зь Менску, Павал Сац з Маларыты і Міхаіл Леках з Рыгі.
У гэтыя апошнія перадкалядныя дні зноў хацеў бы зьвярнуцца да вас, нашыя сталыя слухачы і аўтары, з просьбай згадаць пра найбольш адметныя, на ваш погляд, падзеі мінулага году. Падзяліцеся сваімі ўражаньнямі і ўспамінамі, паразважайце пра будучыню, распавядзіце пра самыя цікавыя выпадкі з уласнага жыцьця. Вашыя лісты прагучаць у навагодняй перадачы “Паштовая скрынка 111”.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.