Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НЕКАТОРЫХ РЭГІЁНАХ БЕЛАРУСІ АДБЫЎСЯ АДНАДЗЁННЫ ПАПЕРАДЖАЛЬНЫ СТРАЙК ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

У сёньняшняй акцыі былі й палітычныя патрабаваньні: адстаўка Аляксандра Лукашэнкі і ўраду, спыненьне перасьледу журналістаў за крытыку кіраўніка дзяржавы й вызваленьне зь месцаў зьняволеньня Міколы Маркевіча, Паўла Мажэйкі й Віктара Івашкевіча.

У Менску ініцыятыву страйкавага камітэту падтрымалі некалькі тысяч прадпрымальнікаў. Вось што паведаміў нашаму радыё каардынатар страйкаму па Менску і Менскай вобласьці Леанід Каліценя:

(Каліценя: ) “У Менску на рынку “Дынама” ня выйшлі на працу больш як 1000 гандляроў. На шэрагу іншых кірмашоў мы таксама маем колькасьць удзельнікаў 30–60%”.

У параўнаньні з кастрычніцкімі страйкамі гандляроў, сёньняшняя прадпрымальніцкая акцыя ў Менску была менш масавай. Вось як патлумачылі гэта мне самі бізнэсоўцы:

(Віктар: ) “Калі ўжо насілі ўлёткі ды дамаўляліся, то трэба было страйкаваць”.

(Карэспандэнт: ) “Мне сказалі, што ня выйшла на працу 30% прадпрымальнікаў”.

(Валянціна: ) ”Больш як 30%”.

(Аляксандар: ) “Значна больш”.

(Валеры: ) “Калі нават выйшла на працу 70%, гэта шмат. Мы неарганізаваныя”.

(Валянціна: ) “Раздалі ўлёткі і ўсё. Хіба гэта арганізацыя?”

Як вынікае з тлумачэньня Леаніда Каліцені, у арганізатараў сёньняшняй акцыі былі праблемы з падрыхтоўкай:

(Каліценя: ) “Напрыклад, паводле нашай інфармацыі, адміністрацыя кірамашу “Малінаўка” забараніла прадпрымальнікам браць удзел у страйку. Яны могуць пазбавіцца арэндных пляцовак і згубяць сваю працу. Магчыма, таму і колькасьць прадпрымальнікаў, якія страйкуюць, не такая, як нам хацелася б”.

Прынамсі, як удзельнікі сёньняшняга страйку, так і тыя, хто не падтрымаў яго, падзяляюць мэты папераджальнай акцыі. У 2003 годзе, на іх думку, беларускіх прадпрымальнікаў чакаюць новыя выпрабаваньні:

(Алена: ) “Чакае нас беднасьць і галеча”.

(Аляксандар :) “Мы страйкуем, бо фіксаваны падатак плянуюць падвысіць”.

(Валянціна: ) “Зараз усё скарачаецца, і людзі могуць апынуцца на вуліцы”.

(Галіна: ) “На біржы працы плацяць толькі 10 тысяч рублёў”.

(Валянціна: ) “У мяне трое дзетак. Я прыйшла на рынак зарабляць грошы. А што будзе зараз?”

(Аляксандар: ) “Улады кажуць, што будзе паляпшэньне ўмоваў працы прадпрымальнікаў, а ў нас ходзяць чуткі, што будзе, наадварот, пагаршэньне.”

(Галіна: ) “Формай змаганьня за свае правы застанецца страйк, каб наверсе прыслухаліся да нас”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG