Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАМЕЖНЫЯ ПРЫТОНЫ ПАПАЎНЯЮЦЦА МАЛАДЫМІ ГАМЯЛЬЧАНКАМІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Справа пра вэрбоўку гомельскіх дзяўчат у замежныя прытоны пачала раскручвацца, калі з Турцыі ў Гомель сваёй маці патэлефанавала непаўнагадовая студэнтка тэхнікуму і папрасіла паратунку. Дзяўчына спакусілася на прапанову падчас вакацыяў папрацаваць афіцыянткаю ў кавярні альбо пакаёўкаю ў доме багатага турэцкага бізнэсоўца. У далёкай краіне студэнтку вымусілі аказваць інтымныя паслугі.

У Ізраіль гомельскіх дзяўчат адпраўлялі пасьля таго, як яны рэгістравалі фіктыўны шлюб з былымі гамельчукамі, што эмігравалі на Блізкі Ўсход. Шлюбныя справы рухала найперш у органах рэгістрацыі Людміла Байко. Зводніца нават замест маці напісала заяву на зьмяншэньне шлюбнага ўзросту для адной непаўнагадовай дзяўчыны. Тым ня менш, дазвол у выканкаме быў атрыманы.

Дзяўчат вывозілі за мяжу і пад выглядам турыстак. Перадавалі за валюту канкрэтным асобам, і пасьля ўжо дзяўчаты вымушаныя былі адпрацоўваць грошы.

Паводле зьвестак сьледзтва, розным чынам Помазаў і Байко адправілі ў Турцыю і Ізраіль 18 асобаў. Аднак далёка ня ўсе пажадалі прызнаць сябе пацярпелымі. На закрытым працэсе дзяўчаты, як правіла, выступалі сьведкамі. Яны не хавалі, што інтымныя паслугі для іх — гэта па сутнасьці адзіная магчымасьць зарабіць грошы.

Памочніца пракурора Цэнтральнага раёну Гомелю Аксана Касьцюкевіч, што ад імя дзяжавы падтрымлівала абвінавачаньне, сказала на гэты конт:

(Касьцюкевіч: ) “Праблема выезду нашых дзяўчат за мяжу для занятку прастытуцыяй добраахвотна зьяўляецца праблемай высокага ўзроўню, яна — эканамічная”.

Ужо пасьля суду я набыў рэклямную газэту. У ёй даволі шмат аб’яваў ад маладых жанчын — яны прапануюць сябе на працу масажысткамі, хатнімі гаспадынямі. І толькі асобныя робяць у аб’явах прыпіску: “інтымных паслуг не прапаноўваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG