Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУПРАЦОЎНIКI КГБ БЕЛАРУСІ ЗАТРЫМАЛІ ГРАМАДЗЯНАЎ ПОЛЬШЧЫ I IЗРАIЛЮ


Алег Супрунюк, Берасьце

Паводле вэрсii прэсавай службы КГБ у Берасьцейскай вобласьцi, грамадзянiн Польшчы Тадэвуш Стасюк i грамадзянiн Iзраiлю Сяргей Кажэўнiкаў наведалi Берасьце з адзiнаю мэтай — дамовiцца з памежнiкамi пра нелегальнае перасячэньне беларуска-польскай мяжы iмiгрантамi з Афганiстану.

У берасьцейскiм КГБ сьцьвярджаюць, што падчас размоваў Стасюк i Кажэўнiкаў спасылалiся на зацiкаўленасьць польскага боку ў падобных паслугах беларускiх памежнiкаў. Быццам бы перамяшчэньне афганскiх iмiгрантаў па тэрыторыi Польшчы будзе арганiзаванае з дапамогай мясцовай палiцыi. I ўвогуле для нелегалаў ужо падрыхтаваны адпаведны маршрут: iх сустрэнуць у Бялай Падлясцы, а потым адправяць у мястэчка Баляславец.

Цiкава, што крымiнальная справа на Стасюка i Кажэўнiкава не была распачатая. Супрацоўнiкi КГБ гавораць, што тыя проста не пасьпелi зьдзейсьнiць злачынства. Тадэвуша Стасюка ўвечары 18 сьнежня дэпартавалi на радзiму ў Польшчу. Што тычыцца грамадзянiна Iзраiлю Сяргея Кажэўнiкава, яму пакуль абвесьцілі афiцыйнае папярэджаньне КГБ. Чакаецца, што ягоная вiза будзе ануляваная i Кажэўнiкаву забароняць уезд у Беларусь.

Тым ня менш, органы дзяржбясьпекi ня лiчаць гэтае здарэньне выпадковым. Гаворыць кiраўнiк берасьцейскага ўпраўленьня КГБ Пётар Аксючыц:

(Аксючыц: ) “Усе наяўныя дакумэнтальныя матэрыялы бясспрэчна сьведчаць аб спробах палiтычных правакацыяў з боку затрыманых асобаў па сцэнару, выказаным у польскiм выданьнi “Wprost”.

Нагадаю, што гэты часопiс на мiнулым тыднi надрукаваў вялiкi артыкул, у якiм распавядалася пра намер беларускiх уладаў садзейнiчаць пераходу нелегальных iмiгрантаў празь мяжу з Польшчай. У артыкуле сьцьвярджалася, што такiм чынам у гэтую краiну можа трапiць некалькi дзясяткаў тысяч чалавек, якiя цяпер сканцэнтраваныя ў памежных раёнах Беларусi.

У генэральным консульстве Польшчы ў Берасьцi сёньня паведамiлi, што гэтая ўстанова традыцыйна не камэнтуе зьвесткi пра дэпартацыю польскiх грамадзянаў зь беларускай тэрыторыi.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG