Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРЫС НЯМЦОЎ СУДЗІЦЦА ЗЬ БЕЛАРУСКІМ КГБ


Аляксей Знаткевіч, Менск

Прадстаўнік Барыса Нямцова Яўген Лабановіч сёньня падаў у суд Цэнтральнага раёну Менску скаргу на дзеяньні КГБ. Цягам месяца скарга мусіць быць разгледжаная судом. Лабановіч кажа, што суд наўрад ці будзе кіравацца ў гэтай справе выключна юрыдычнымі меркаваньнямі.

(Лабановіч: ) “Мы не атрымалі адказу з Савету Міністраў, куды дасылалі першую скаргу, менавіта перад тым, як зьвяртацца ў суд, і ўжо гэта вельмі дрэнны знак. Што тычыцца юрыдычнай часткі, то я ўпэўнены, што закон на нашым баку. Калі ня будзе прынятае рашэньне, якога мы патрабуем, то закон будзе парушаны”.

Лабановіч, спасылаючыся на Барыса Нямцова, кажа, што падчас апошняй сустрэчы Ўладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў Маскве яны амаль гадзіну абмяркоўвалі выпадак з дэпартацыяй расейскага дэпутата.

(Лабановіч: ) “Можа, менавіта гэтая гутарка паміж Пуціным і Лукашэнкам неяк паўплывае, і будзе вынесенае справядлівае рашэньне”.

У судовай скарзе Нямцова гаворыцца, што беларускі КГБ парушыў шэраг нормаў закону Беларусі аб прававым статусе замежных грамадзянаў. Але першы пункт скаргі — гэта тое, што расейскія грамадзяне ўвогуле не трапляюць пад гэты закон, бо паводле дамовы аб гэтак званай саюзнай дзяржаве яны ня ёсьць замежнікамі ў Беларусі. Я запытаўся ў Яўгена Лабановіча, які ўваходзіць у палітычную раду Аб’яднанай грамадзянскай партыі, ці ня лічыць ён, што гэтая скарга будзе крокам у падтрымку саюзных дамоваў.

(Лабановіч: ) “Менавіта ў гэтай справе я зьяўляюся адвакатам спадара Нямцова. Таму, безумоўна, шукаю тое заканадаўчае выйсьце, якое забясьпечыць неабходнае рашэньне суду. А што тычыцца майго асабістага стаўленьня да гэтых дамоваў, то я лічу, безумоўна, што яны вельмі небясьпечныя для незалежнасьці Беларусі. Але гэтыя нормы на сёньняшні дзень існуюць. Таму, як юрыст, як адвакат, я магу на іх спасылацца”.

Я запытаўся ў прэсавага сакратара КГБ Аляксандра Базанава, ці разглядае ягонае ведамства расейцаў як грамадзянаў сваёй дзяржавы.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць саюзная дзяржава для вас?”

(Базанаў: ) “Саюзная дзяржава, як вы ведаеце, будуецца, ствараецца. Нямцоў — вядомая фігура ў Расеі, і дзіўна, што ён сам ня можа гэта правільна адкамэнтаваць. Калі казаць пра юрыдычны статус гэтага пытаньня, тут патрэбнае меркаваньне спэцыяліста. Тут я не гатовы вам адразу гэта пракамэнтаваць”.

Прэсавы сакратар беларускага КГБ аднак дадаў, што на сёньня Беларусь і Расея ёсьць асобнымі і сувэрэннымі, хаця й сяброўскімі дзяржавамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG