Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭКРЭТ ЛУКАШЭНКІ АБ НОВЫХ УМОВАХ РЭГІСТРАЦЫІ Й ЛІКВІДАЦЫІ СУБ’ЕКТАЎ ГАСПАДАРАНЬНЯ


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня “Прыватная ўласнасьць” Леанід Малахаў і наш аглядальнік Міхал Залескі.

(Валер Карбалевіч: ) “Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў кіраўніцтва Беларусі аб’явіла аб новым курсе ў эканамічнай палітыцы, лібэралізацыі гаспадарчага жыцьця, большай эканамічнай свабодзе. Адным з складнікаў гэтага новага курсу быў названы спрошчаны парадак рэгістрацыі гаспадарчых суб’ектаў. Але пасьля прэзыдэнцкіх выбараў прайшло больш за год, усе ўжо страцілі надзею, што такі дакумэнт зьявіцца.

І вось урэшце 17 сьнежня Лукашэнка выдаў дэкрэт, які спрашчае ўмовы рэгістрацыі й ліквідацыі суб’ектаў гаспадараньня. Чаму столькі часу спатрэбілася ўладам, каб прыняць такі ня вельмі складаны дакумэнт? І чаму ўсё ж урэшце ў канцы году ён быў прыняты? Чым тлумачыце вы такія дзеяньні беларускіх уладаў?”

(Леанід Малахаў: ) “Працэс прыняцьця згаданага дакумэнта сапраўды зацягнуўся. Пытаньні рэгістрацыі й ліквідацыі гаспадарчых суб’ектаў — адна з галоўных праблемаў, якія хвалююць прадпрымальнікаў. Чаму менавіта цяпер прыняты гэты дэкрэт? Таму што хутка мясцовыя выбары. Тактыка вядомая. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў быў прынята даволі прагрэсіўны дэкрэт №12. Ён спрашчаў працу індывідуальных прадпрымальнікаў. Таму я зьвязваю набліжэньне выбараў у мясцовыя саветы і згаданы дэкрэт”.

(Карбалевіч: ) “Набліжэньне мясцовых выбараў — важная прычына. Але ці не здаецца вам, што і эканамічныя прычыны мелі месца? Складаная эканамічная сытуацыя, дэфіцыт бюджэту падштурхоўвае ўлады да таго, каб павялічыць колькасьць гаспадарчых суб’ектаў, каб пашыралася база для падаткаў. Ці не падштурхоўвае гэты чыньнік улады да паляпшэньня бізнэс-клімату ў краіне?”

(Міхал Залескі: ) “Палітычны чыньнік безумоўна прысутнічае ў прыняцьці гэтага дэкрэту. Важным у гэтым дакуменце зьяўляецца той момант, што ён прадугледжвае большы доступ да розных відаў дзейнасьці, не абмежаваных ліцэнзіямі.

Аднак, з другога боку, ліцэнзіі ніхто не адмяняў. Палёгка гаспадарчым суб’ектам, якая даецца дэкрэтам, ня здольная вырашыць праблему дэфіцыту бюджэту. Да таго ж працэдура рэгістрацыі застаецца ўсё роўна складанай. Акрамя таго, існуе вялікая колькасьць інстанцыяў, якія наглядаюць за беларускім бізнэсам, атачаюць яго — у тым ліку і санітарныя дактары, і пажарнікі, ды іншыя”.

(Карбалевіч: ) “Давайце пагаворым аб зьмесьце гэтага дакумэнту. Ці вялікую палёгку дае дэкрэт гаспадарчым структурам? Здаецца, ён прапануе больш спрыяльныя ўмовы для бізнэсоўцаў, якія ствараюць новыя гаспадарчыя структуры? Ці гэта касмэтычныя меры, якія прынцыпова не меняюць умоваў існаваньня бізнэсу ў Беларусі?”

(Малахаў: ) “Згаданы дэкрэт — гэта вяртаньне да мінулага, да добра забытага старога, да тых гаспадарчых умоваў, якія існавалі ў Беларусі раней, пакуль улады не пачалі барацьбу зь бізнэсам. У любым выпадку, прадпрымальнікам пры гэтых умовах будзе працаваць лепш”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, згаданы дэкрэт Лукашэнкі ўносіць зьмены ў яго ж дэкрэты 1999 і 2000 гадоў, якія тычацца пытаньняў рэгістрацыі гаспадарчых суб’ектаў. Таму цяпер улады проста выпраўляюць свае ж памылкі”.

(Малахаў: ) “Хацеў бы зьвярнуць увагу на тое, што дэкрэт ня столькі спрашчае рэгістрацыю, колькі ліквідацыю гаспадарчых суб’ектаў. Дзяржава ўжо ня мае сродкаў, каб займацца ліквідацыяй суб’ектаў гаспадараньня па поўнай праграме. Таму, калі арганізацыя не працуе шэсьць месяцаў, то яна ліквідуецца без усялякіх камісіяў.

З другога боку, пільны кантроль уладаў за дзейнасьцю прадпрымальнікаў не зьмяншаецца. Зьвернем увагу на тое, што ўзмацняецца кантроль за рэгістрацыяй даччыных прадпрыемстваў. Заснавальнік павінен падаць заяву, у якой гарантуе, што ня мае грамадзянска-прававых абавязкаў. Але калі ён мае зь некім такія абавязкі, то ён павінен іх зь ім і вырашаць. Пры чым тут дзяржава?”

(Карбалевіч: ) “Якія яшчэ прынцыповыя моманты можаце адзначыць у гэтым дэкрэце? У прыватнасьці, новы дэкрэт прадугледжвае, што юрыдычныя асобы можна рэгістраваць па адрасе іх заснавальнікаў. Ці гэта вялікая палёгка для прадпрымальнікаў?”

(Малахаў: ) “Відавочна, гэта палёгка. Таму што раней атрымаць юрыдычны адрас было даволі складана. Гэта я памятаю сам, калі займаўся рэгістрацыяй свайго бізнэсу”.

(Залескі: ) “Найбуйнейшы крок насустрач прадпрымальнікам — гэта, вядома, магчымасьць рэгістрацыі па хатніх адрасах. Улады былі вымушаныя вярнуцца да ранейшай практыкі часткова таму, што пачаўся рост карупцыі. Зразумела, што калі існуе дэфіцыт юрыдычных адрасоў, то той, хто іх разьмяркоўвае, мае магчымасьць браць хабар. Другі важны чыньнік: можна пашыраць кола дзейнасьці суб’ектаў гаспадараньня без дазволу.

Але сам факт зьяўленьня новага дакумэнту, які рэглямэнтуе парадак рэгістрацыі й ліквідацыі суб’ектаў гаспадараньня, стварае новыя складанасьці. Да гэтага дэкрэту патрэбнае новае палажэньне. Усе дзяржаўныя структуры будуць чакаць яго зьяўленьня і на нейкі час перапыняць працэс рэгістрацыі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, сытуацыя даволі супярэчлівая. З аднаго боку, зроблены крок насустрач прадпрымальнікам. А з другога боку, не адбыўся пераход на заяўны прынцып рэгістрацыі, які існуе ва ўсіх краінах з рынкавай эканомікай. Але для Беларусі гэтая мера была б рэвалюцыйнай.

Таму ўзьнікае пытаньне: ці стане зьяўленьне дэкрэту пачаткам новай палітыкі ў дачыненьнях дзяржавы і бізнэсу, сыстэмнай лібэралізацыі? Ці гэта нейкі адзінкавы крок, які накіраваны на паляпшэньне іміджу ўлады напярэдадні мясцовых выбараў”.

(Малахаў: ) “Дэкрэт — часовы юрыдычны акт. Прыняцьце закону было б больш моцнай гарантыяй зьменаў адносінаў да бізнэсу. Калі ўсьлед за дэкрэтам ня будуць зробленыя новыя крокі ў тым жа кірунку, то можна сказаць, што гэта звычайная папулісцкая PR-акцыя.

На жаль, уся ранейшая палітыка ўладаў сьведчыць аб іншым. Прыярытэтам зьяўляецца дзяржаўны сэктар. Стаўленьне ўладаў да прадпрымальніцтва даволі нэгатыўнае. Таму ўсё пакажа час”.

(Залескі: ) “З часам улады проста стамляюцца змагацца з плыньню жыцьця. Таму трэба вітаць кожны крок насустрач рэчаіснасьці. Але прыняцьце згаданага дэкрэту немагчыма разглядаць як пачатак сыстэмных рэформаў. Таму што калі б сапраўды гэта быў новы курс эканамічнай палітыкі, то ўлады абвесьцілі бы пра гэта. А паколькі нічога такога не назіраецца, то значыць няма ніякіх рынкавых плянаў”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, новы дэкрэт Лукашэнкі, які спрашчае ўмовы рэгістрацыі й ліквідацыі суб’ектаў гаспадараньня, азначае пэўны крок наперад. Ён выкліканы як эканамічнай сытуацыяй у краіне, неабходнасьцю атрыманьня ад прадпрымальнікаў грошай у дзяржбюджэт, так і палітычнымі чыньнікамі — мясцовымі выбарамі.

Але казаць пра пачатак новай палітыкі дзяржавы ў адносінах да прадпрымальнікаў не даводзіцца. У прынцыпе, эканамічная палітыка дзяржавы застаецца ранейшай. Сыстэмныя рынкавыя рэформы ў краіне не пачаліся. І пакуль што няма ніякіх сыгналаў пра тое, што яны хутка пачнуцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG