Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕМЦАЎ ВАБІЦЬ БЕЛАРУСКАЕ ПАВЕТРА


Ул. інф.

Новы маршрут, які зафрахтавалі нямецкія прадпрымальнікі, злучыць адразу тры сталіцы — саксонскі Ляйпцыг, а таксама Менск і Маскву. Першы пералёт, які заплянаваны на гэтую нядзелю з улікам стаянкі ў Беларусі, агулам зойме пяць гадзінаў. Мяркуецца, што спачатку такія рэйсы будуць ажыцьцяўляцца раз на тыдзень. У пэрспэктыве, а менавіта ў зьвязку з пашырэньнем Эўразьвязу, пералёты могуць стаць штодзённымі, а геаграфія маршрутаў закране іншыя беларускія і расейскія цэнтры.

Паводле саксонскіх аівятараў, зьмены ў паветранай прасторы выкліканыя тымі вядомымі пераменамі, якія назіраюцца на зямлі.

“Эўразьвяз стратэгічна ня можа дазволіць сабе ізалявацца ад такога ўсходняга суседа як Беларусь, — сьведчаць экспэрты з бэрлінскага аналітычнага Цэнтру навукі й палітыкі. — Калі на ўсход ад Варшавы ня пойдуць інвэстыцыі, калі ў гэтым рэёгіне не актывізуюцца эканамічна-гандлёвыя апэрацыі, Заходняя Эўропа адразу адчуе велізарныя праблемы на сваіх межах”. Стварэньне новай кампаніі “German East Airline”, якое заплянаванае на будучы год — гэта, паводле экспэртаў, ня толькі эканамічны, але і палітычны крок.

Што да самога заснавальніка кампаніі — мюнхенца Томаса Гротэ, то ён бачыць у гэтым праекце выключна эканамічную мэтазгоднасьць. Тыя маршруты, якія злучаць Штутгарт, Мюнхен, Франкфурт, Дусэльдорф, Бэрлін зь Менскам, а таксама чатырма расейскімі гарадамі, будуць ажыцьцяўляцца на кампактных машынах “Боінг 717–200” і вылучацца як камфортам, так і сваімі надзвычай нізкімі коштамі.

Інфармацыя пра стварэньне новай авіякампаніі ўжо выклікае пэўны энтузіязм сярод тых авіяпасажыраў, якія вядуць свае справы ў Беларусі. Высьветлілася, што для большасьці гэтых людзей — нямецкіх прадпрымальнікаў, палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў, авіяпералёт з Бэрліну ў Менск займае ў сярэднім 10 гадзінаў.

Ня самы даўгі шлях з усходу Нямеччыны ў цэнтар Беларусі пралягае для іх часам праз Франкфурт, часам празь Вену альбо Вільню. Нават існаваньне наўпростага дзвюхгадзіннага пералёту з адной сталіцу ў іншую, які выконвае “Белавія”, не зьяўляецца для немцаў чымсьці пераканаўчым. Паводле нямецкага бізнэсоўца Ганса Фордэрройтара, які ладзіць праекты ў Беларусі, ён і ягоныя калегі без усялякіх разважаньняў заўсёды аддадуць перавагу ня самай любімай імі “Lufthansa” альбо аўстрыйскім ці літоўскім авіялініям. Машыны “Белавія” шумныя, няўтульныя. Да таго ж — надзвычай нізкія страхавыя кампэнсацыі, якія прадугледжаныя ў самых надзвычайных выпадках.

Тымчасам далёка ня ўсе немцы перажываюць эўфарыю ў зьвязку з магчымай манаполіяй заходніх самалётаў у расейскім і беларускім паветры. Да катэгорыі скептыкаў належаць журналісты нямецкіх СМІ, якія працуюць ва Ўсходняй Эўропе.

Так, супрацоўнік саліднага франкфурцкага выданьня паведаміў, што выбіраючы паміж савецкай тэхнікай і заходнімі машынамі кшталту “СААБ”, якія абслугоўваюць тыя ж балтыйскія авіялініі, ён заўсёды аддае перавагу савецкім самалётам. “Яны зробленыя грунтоўна, паводле ваенных тэхналёгіяў, там усё дакладна пралічана. Хай у часе пералёту цябе і патрасе, аднак гарантяў, што ты даляціш, значна болей”, — гаворыць журналіст.

Праўдападобна, што з машынамі тыпу “Ан” не зьбіраецца разьвітвацца і частка нямецкіх авіятараў з усходніх земляў. Так, першы грузавы авіярэйс з Ляйпцыгу ў Менск будзе зроблены менавіта на “Ан-12”. Пра гэта паведамілі ў аэрапорце саксонскай сталіцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG