Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖОНКАМ ЗЬНІКЛЫМ І РЭПРЭСАВАНЫМ ЖУРНАЛІСТАМ “ХАРТЫЯ-97” ДАЛА НАЦЫЯНАЛЬНУЮ ПРЭМІЮ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Прэміі жонкам зьніклых апазыцыянэраў уручаныя ў намінацыі “За асабістую мужнасьць”. Аргкамітэт “Хартыі-97” гэтак ацаніў асабісты ўклад Зінаіды Гначар, Ірыны Красоўскай і Сьвятланы Завадзкай у змаганьне за правы чалавека ў Беларусі. Сёньня на цырымоніі ўручэньня прэміяў адзначалася, што яны не зьмірыліся зь цяжкімі абставінамі, а ўпарта працягваюць барацьбу за высьвятленьне праўды пра лёсы сваіх мужоў. Прымаючы прэмію, Сьвятлана Завадзкая, у прыватнасьці, сказала журналістам:

(Завадзкая: ) “Мы гэта робім, вядома, ня дзеля прэміяў, а дзеля нашых мужчынаў, нашых любімых мужоў, нашых сем’яў. І я мяркую, калі б гэтыя людзі ведалі, што за кожным моцным мужчынам стаіць моцная жанчына, яны б сто разоў падумалі б, ці варта гэта рабіць”.

Нагадаем, у 1999 годзе невядомымі былі скрадзеныя былы міністар ўнутраных справаў Юры Захаранка, намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі, які фінансава падтрымліваў апазыцыю. Праз год адбылося яшчэ адно зьнікненьне — быў скрадзены апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі.

З таго часу сваякі зьніклых і дэмакратычныя сілы ў Беларусі вядуць барацьбу зь беларускімі ўладамі за тое, каб гэтыя справы не забыліся і праўда пра іх урэшце стала вядомай. Летась яны дамагліся стварэньня адмысловай камісіі паводле справаў зьніклых беларускіх апазыцыянэраў у Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. На думку беларускіх праваабаронцаў, у тым, што апошнія два гады ў Беларусі больш не зьнікаюць вядомыя палітыкі, ёсьць вялікая заслуга Зінаіды Ганчар, Ірыны Красоўскай і Сьвятланы Завадзкай.

Прэміяй “Хартыі-97” за асабістую мужнасьць у барацьбе за правы чалавека ўзнагароджаная таксама маці Юрыя Захаранкі Ўльяна Захаранка. Прэмія будзе ўручаная ёй заўтра ў пасёлку Васілевічы Гомельскай вобласьці, дзе яна жыве.

Таксама заўтра ў Жлобіне падобную прэмію атрымае журналіст Павал Мажэйка, а ў Асіповічах — рэдактар газэты “Пагоня” Мікола Маркевіч. Нагадаем, гэтыя журналісты адбываюць пакараньне за крытыку Аляксандра Лукашэнкі ў гарадзенскай газэце “Пагоня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG