Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ НАЙБУЙНЕШАГА РЫНКУ ГОРАДНІ ЎЗЯЛІ ЎДЗЕЛ У ПАПЕРАДЖАЛЬНЫМ СТРАЙКУ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Рынак “Паўднёвы” знаходзіцца на гарадзкой ускраіне, на ім 3,5 тысячы працоўных месцаў. Сёньня гандлявалі толькі аўтамабільнымі запчасткамі — чалавек 20 — не зважаючы на тое, што ўчора тут распаўсюджваліся ўлёткі з заклікам не страйкаваць.

Гарадзенскія рынкі мы наведалі з кіраўніком Беларускага страйкаму Валерыем Леванеўскім. На астатніх рынках мы ўбачылі мноства пакупнікоў. Прадпрымальнікі падтрымалі страйк толькі часткова. Часткова падтрымалі яго і ў райцэнтрах вобласьці — напрыклад, у Лідзе, Слоніме, Зэльве.

Страйкоўцы маюць эканамічныя патрабаваньні й выступаюць за адстаўку прэзыдэнта. А таксама патрабуюць вызваліць журналістаў Маркевіча, Мажэйку і Івашкевіча. Гаворыць Валеры Леванеўскі:

(Леванеўскі: ) “Мы, як страйкавы камітэт, не зьяўляемся ініцыятарамі страйкаў. Мы іх толькі стараемся арганізаваць. Гэта значыцца, даць інфармацыйную падтрымку. Каб гэтая акцыя была сумеснай”.

Па-ранейшаму плянуецца з 1 студзеня зноўку страйкаваць, калі ўлады не прыслухаюцца да эканамічных патрабаваньняў прадпрымальнікаў і ня зьменшаць падаткі і арэндную плату.

Валеры Леванеўскі згаджаецца, што час для сёньняшняга страйку абраны ня вельмі ўдалы, бо цяпер — найбольш пакупнікоў. Магчыма, таму агулам па Беларусі прадпрымальнікі акцыю падтрымалі толькі часткова.
XS
SM
MD
LG