Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ДАРОГА ПРАЗ КУРАПАТЫ”


Ул. інф.

Ад 20 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня сёлета ў эфіры Радыё Свабода штодня гучаў рэпартаж з Курапатаў, дзе адбывалася унікальная кругласутачная вахта. Карэспандэнты Радыё Свабода запісвалі галасы сотняў людзей – валанцёраў, ахвяраў ГУЛАГу, будаўнікоў, археолягаў, жыхароў суседніх мікрараёнаў Менску і гасьцей з усёй Беларусі і замежжа, якія прыходзілі ў Курапаты, прыносілі ежу, цёплую вопратку, дапамагалі абаронцам. Гэтыя рэпартажы зараз сабраныя у адну кнігу – “Дарога праз Курапаты”.


З прадмовы да кнігі Аляксандра Лукашука, дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода:

"У нас яшчэ не было такога выпадку, каб штодня больш за восем месяцаў запар весьці рэпартаж з аднаго месца. Так б'юць у звон – разьмерана, у адно і тое ж месца, і пругкі метал працінае паветра працяжнымі ўсхліпамі. Так кайлом на рудніках вырубаюць мёрзлую руду – у адну кропку, зноў і зноў, пакуль не надколецца глыба. У нас былі мікрафон, сярэднія і кароткія хвалі. І слухачы. У тым ліку – у Курапатах.

Зь дзёньніка валанцёраў: “24 сакавіка 2002 году. 19 гадзіна. ...Праслухалі першы рэпартаж "Радыё Свабода", зь якога даведаліся пра тое, што сапраўды адбывалася ў цэнтры. Чулі крыкі й шум пры затрыманьні, даведаліся пра сапраўдную колькасьць затрыманых, больш за 70. Мы ў шоку... Калі рэпартажы скончыліся, выйшлі паліць ды ўбачылі, як у наш бок рухаецца "ментавоз". Усталі ў ланцуг, перагарадзілі дарогу. Пасьля нядоўгай размовы "мянты" разьвярнуліся ды зьехалі. Адразу ж напілілі й усталявалі 13 слупкоў поперак дарогі на ўезьдзе ва ўрочышча з поля. Па радыё чулі гэтак жа, што барысаўскія апазыцыянэры з раніцы паставілі крыж, які павалілі вандалы сёньня ўначы. Гэта змагары. Хвала ім...”

Ганна Соусь перадала больш за дзьвесьце рэпартажаў з Курапатаў і была ўганараваная прэміяй Алеся Адамовіча, якою Беларускі ПЭН-Цэнтар адзначае найлепшую журналісцкую працу году. Там таксама працавалі Альгерд Невяроўскі і іншыя нашыя калегі. Але героі гэтай кнігі – не журналісты, а сама падзея і яе ўдзельнікі – валанцёры, людзі, якія прыносілі прадукты, прывозілі дровы, ладзілі талокі, рабілі археалягічныя экспэртызы, вялі перамовы з будаўнікамі, адпраўлялі набажэнствы, – каля паўтысячы імёнаў згадана ў гэтых рэпартажах. Яшчэ больш, верагодна, не згадана.

Мяжа ў Курапатах праходзіць не паміж мёртвымі і жывымі, а паміж памяцьцю і хлусьнёй, паміж учора і заўтра, і заўсёды – паміж катамі і ахвярамі. Абаронцы адваявалі ў дарогі ўсяго некалькі мэтраў. Яны таксама абаранілі нашу годнасьць”.



Прэзэнтацыя кнігі і сустрэча з аўтарамі і героямі адбудзецца ў панядзелак, 23 сьнежня, у менскім Палацы мастацтваў, а 18-й гадзіне.
XS
SM
MD
LG