Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕТАЛЕРАНТНАЕ ВЫКАЗВАНЬНЕ МОЖА КАШТАВАЦЬ У ЗША ПАЛІТЫЧНАЙ КАР’ЕРЫ


Алеся Сёмуха, Вашынгтон

Нядаўнае публічнае выказваньне лідэра рэспубліканскай бальшыні ў Сэнаце Трэнта Лота пра расавую палітыку выклікала шторм абурэньня. І раней была вядомая яго кансэрватыўная пазыцыя што да грамадзянкіх правоў афраамэрыканскай часткі насельніцтва ЗША. На пачатку 1990-х сэнатар ад Місісіпі нават зьявіўся на адным са сходаў Рады Кансэратыўных Грамадзян – арганізацыі, якая адстойвае ідэі перавагі белай расы, і заклікаў іх “змагацца за свае прынцыпы і правільную філязофію”. На працягу многіх гадоў расавыя выказваньні Лота заставаліся малазаўважаныя, бо рабіліся ў невялікіх асяродках на поўдні ЗША. Цяпер жа публічная ўхвала сэгрэгацыйнай палітыкі 40-50-ых гадоў была ўспрынятая не як неабачлівы выбар словаў, але як палітычная мадэль, як адкрытая непавага выбарнага прадстаўніка да часткі свайго электарату і да памяці пра пакуты ад расавай дыскрымнацыі.

“Найбольш жахлівае ў выказваньні Лота, – піша газэта “Washington Post”, – гэта не яго неталерантнасьць, але сьлепата, калі ён дагэтуль не зразумеў, што рух за грамадзянскія правы назаўжды ўсталяваў стандарты для сацыяльнай трансфармацыі Амэрыкі”.

Выказваньне Лота, нават пасьля яго пяці публічных прабачэньняў, можа сур’ёзна пашкодзіць шанцам Рэспубліканскай партыі ў наступных выбарах. У атмасфэры рэальнай палітычнай канкурэнцыі за галасы выбаршчыкаў дэмакраты могуць скарыстаць гэты шанец і адваяваць назад страчаныя сёлета месцы ў Сэнаце. Таму калегі-рэспубліканцы і нават прэзыдэнт краіны былі першыя, хто асудзіў выказваньне і погляды Лота і заклікаў да яго адыходу з пазыцыі лідэра сэнацкай бальшыні. Ідзе нават гаворка пра яго адстаўку з пасады сэнатара.

Рэспубліканская партыя на працягу апошніх гадоў настойліва імкнулася ня толькі захаваць свой традыцыйны ўплыў на поўдні ЗША, але й адначасова папоўніць выбарчую скарбонку за кошт больш лібэральных выбаршчыкаў, у тым ліку і этнічных мяншыняў. У асяродзьдзі партыі ўзьнік рух нэакансэрватызму – адстойваньне прынцыпаў і вылучэньне людзей незалежна ад расы. Нэакансэрватызм не прымае як стара-мадэльны расізм, так і расавыя квоты ды спэцыяльныя прывілеі. Менавіта на хвалі гэтага руху ўзышлі да высокай палітычнай кар’еры Кандаліза Райс, Колін Паўэл і Кларэнс Томас.

Выказваньні і пагляды Лота, асабліва ўлічваючы ўплывовасьць яго пасады, сур’ёзна падрываюць гэтую новую місію Рэспубліканскай партыі на аб’яднаньне. У грамадзтве, дзе голас на выбарах і грамадзская думка маюць вагу, неталерантная пазыцыя каштуе рэпутацыі і кар’еры.
XS
SM
MD
LG