Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДМІНІСТРАЦЫЯ ЛУКАШЭНКІ ЗАБРАЛА Ў ДЗЯЦЕЙ ПАЛІКЛІНІКУ


Любоў Лунёва, Менск

Бацькам, якія зьвяртаюцца ў паліклініку, паведамляюць, што са студзеня яе закрыюць. На ўліку ў гэтай паліклініцы каля дзесяці тысяч дзяцей. Цяпер бацькі будуць вазіць іх у іншыя паліклінікі, у якіх і без таго вялізныя чэргі.

(Маці 6-гадовага хлопчыка: ) “Вельмі добрая ў нас участковая. Зараз я даведалася, што ліквідуюць нашую паліклініку. Я ў шоку ад такой навіны. Мяне абурае, што так абышліся зь дзеткамі, не паведаміўшы нават нічога бацькам. Мне крыўдна за лекараў, якія душу ўкладалі ў нашых дзетак, а цяпер іх выкінулі на вуліцу. Відаць, будынак 4-й паліклінікі нейкі стратэгічны аб’ект. Ну, калі ён патрэбны ўладам, то можна ж было вырашыць гэтае пытаньне цывілізавана”.

Каля двух гадоў сябры моладзевага руху “Зубр” ладзілі акцыі ў абарону дзіцячай паліклінікі. Яны сабралі больш за тры тысячы подпісаў. Увесну прадстаўнікі кіраўніцтва справаў прэзыдэнта абяцалі, што станоўча вырашаць пытаньне і ня будуць забіраць будынак, каб перадаць яго “лечкамісіі”. Сябра “Зубра” Цімафей Дранчук паведаміў Радыё Свабода, што моладзь, нягледзячы на падпісаны загад кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, будзе ладзіць пікеты ў абарону паліклінікі.

(Дранчук: ) “Мне вельмі крыўдна даведацца пра тое, што справа, якой мы займаліся, прыйшла да таго, з чаго й пачалася. Нягледзячы на тое, што ў паліклініцы стаяць на ўліку больш за дзесяць тысяч дзяцей, адміністрацыя Лукашэнкі забірае будынак. Мы вельмі спадзяваліся на тое, што мы пачнем справу, і яе працягнуць бацькі дзяцей, якія там абслугоўваюцца. На жаль, яны нас не падтрымалі. Мы сабралі больш за тры тысячы подпісаў. Сяброў “Зубра” неаднаразова затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі за збор подпісаў і за распаўсюд улётак. Мы паспрабуем яшчэ нешта зрабіць, але абараняць сваіх дзяцей мусяць найперш іхныя бацькі”.

Пэдыятры зьбянтэжаныя. З 1 студзеня большасьць зь іх папоўняць шэрагі беспрацоўных. Кіраўніца мэдчасткі Зінаіда Фурунжыева лічыць бессэнсоўнымі ўсялякія захады дзеля ўратаваньня паліклінікі.

(Фурунжыева: ) “Ня трэба нават сабе псаваць нэрвы. Цяпер, калі ў нас дзьве траціны мэблі няма... Мы папросту здаем гадавую справаздачу і сыходзім”.

Дзіцячая паліклініка — ня першы будынак дзіцячай установы ў цэнтры гораду, які забрала краўніцтва справаў прэзыдэнта. Такі ж лёс напаткаў цэнтар дзяцей-інвалідаў, хворых на цэрэбральны параліч, і дзіцячы садок для дзяцей, якія кепска чуюць. Добры будынак 4-й паліклінікі, у якім раней была жаночая гімназія, некалькі гадоў быў спакусай для кіраўнікоў адміністрацыі Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG