Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЮДЖЭТ БЕЛАРУСІ НА 2003 ГОД


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб і эканамічны экспэрт, дырэктар Фонду Мізэса Яраслаў Раманчук.

(Віталь Цыганкоў: ) “17 сьнежня Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытаньні бюджэт краіны на наступны год. Паказальна, што дэпутаты абмяркоўвалі гэты самы важны для дзяржавы закон усяго 25 хвілінаў. Як выглядаюць асноўныя парамэтры бюджэту? Якія артыкулы расходаў павялічыліся, якія паменшыліся ў параўнаньні зь мінулым годам? Што можна сказаць пра эканамічную палітыку дзяржавы ў наступным годзе?”

(Яраслаў Раманчук: ) “Парадокс бюджэту ў тым, што гледзячы на яго, нельга адназначна сказаць, якая будзе падатковая нагрузка на прадпрыемствы, як будзе фармаваццца даходная частка, і — самае галоўнае — як будуць выкарыстоўвацца даходы гэтага бюджэту. Бо некаторыя артыкулы даюць такое права і прэзыдэнту, і ўраду, і нават мясцовым органам улады.

У расходнай частцы я б адзначыў такую вельмі прыкметную рысу — на 400% павялічваецца рэзэрвавы фонд прэзыдэнта. Што да сацыяльных выдаткаў — навукі, мэдыцыны, разьвіцьця прадпрымальніцтва, то ўсё гэта засталося на ўзроўні папярэдняга году, гэта значыць, на ўзроўні 1–2% ад сукупнага ўнутаранага прадукту. Гэта ня сьведчыць, што ўрад разумее, перад якімі крызыснымі праблемамі стаіць краіна”.

(Цыганкоў: ) “Падчас абмеркаваньня ў першым чытаньні высьветлілася, што вельмі значныя сумы бюджэту забіраюцца ад розных ведамстваў і пераводзяцца ў рэзэрвавы фонд прэзыдэнта. Спадар Грыб, як бы вы ацанілі гэты факт?”

(Мечыслаў Грыб: ) “На самай справе, нічога тут асаблівага няма. Бо ўвесь бюджэт, усе ягоныя кірункі прэзыдэнт можа скаардынаваць сваім указам, нікога не пытаючыся. Ён проста ўзяў на сябе дадатковыя функцыі кіраваньня і разьмеркаваньня гэтай часткі бюджэту, хаця і ўвесь бюджэт сёньня замыкаецца на ім асабіста.

Кажуць, вось дэпутаты Палаты, прынялі бюджэт, амаль не чытаючы. Але іх таксама вінаваціць ня трэба. Бо яны разумеюць — будуць яны абмяркоўваць альбо не, нічога ня зьменіцца. Іх прымусяць ўсё роўна бюджэт прыняць. А паколькі яны ні за што не адказаваюць, то “калі вы так хочаце, мы прымем, што вам трэба”.

(Цыганкоў: ) “Гэта, відаць, яшчэ раз пацьвярджае бяспраўны статус Палаты прадстаўнікоў. А як адбывалася барацьба за бюджэт у 1990-я гады, калі Беларусь мела паўнавартасны парлямэнт, які сапраўды прымаў законы, а ня толькі штампаваў рашэньні выканаўчай улады? Спадар Грыб тады быў старшынём камісіі, а пасьля і старшынём Вярхоўнага Савету. Якія кірункі ўдавалася адстойваць дэпутатам у параўнаньні з праектам выканаўчай улады?”

(Грыб: ) “Бюджэт заўсёды быў вельмі складаным законапраектам. Але ў той час дэпутаты мелі магчымасьць адстойваць свае падыходы, кожны мог ваяваць за інтарэсы свайго рэгіёну і акругі. Хапала розуму працаваць над прыняцьцем бюджэту ня дзень і ня тыдзень, а нават некалькі месяцаў. І часам ураду адмаўлялі ў прыняцьці бюджэту.

Дарэчы, хачу заўважыць, што ад 1990 году ніводзін бюджэт пакуль ня быў прыняты своечасова. Паводле заканадаўства ён павінен быць распрацаваны і прыняты ў кастрычніку, каб яго можна было разаслаць ва ўсё рэгіёны, каб там маглі яго вывучыць і скласьці свае бюджэты. Бо ў нас бюджэт складаецца ня зьнізу, а зьверху”.

(Цыганкоў: ) “Ёсьць даволі вядомы прыклад, калі ў пачатку 1990-х у заканадаўства было ўнесенае палажэньне, паводле якога заробак у сыстэме адукацыі павінен быў быць ня меншы, як у прамысловасьці. А якія артыкулы бюджэту сёньня варта было б павялічыць? Зь іншага боку, як зьмяніць структуры даходаў?”

(Раманчук: ) “Перш за ўсё трэба павялічыць выдаткі на пэнсіі, заробкі, стыпэндыі, на крэдыты для тых, хто самастойна ня можа пабудаваць сабе жыльлё, на войска, міліцыю, на дзяржаўныя структуры...”

(Цыганкоў: ) “Дзе ўсё гэта ўзяць?”

(Раманчук: ) “За кошт іншага пераразьмеркаваньня тых грошай, якія ёсьць у бюджэце. Ня трэба выдаваць 800 мільёнаў даляраў для сельскай гаспадаркі, ня трэба даваць прамысловасьці. Ня трэба безадрасных датацыяў для жыльлёва-камунальнага сэктару, бо сёньня яны выкарыстоўваюцца вельмі неэфэктыўна. Такім чынам, лепш даваць грошы канкрэтным людзям, а не дзяржаўным структурам, якія толькі даюць магчымасьць зарабіць чыноўніку, “свайму” прадпрымальніку, а не сацыяльна дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

Бюджэт быў бы эфэктыўным дакумэнтам, калі ён быў бы скіраваны на рэфармаваньне эканомікі, на прыватызацыю, наладжваньне сыстэмы адукацыі. Толькі ў тым выпадку можна было б гаварыць пра нейкую сацыяльную скіраванасьць.

Трэба пералічыць тыя 17 структураў, якія выкарыстоўваюць закрыты характар гэтага дакумэнту. Яны могуць займацца камэрцыйнай дзейнасьцю і не адлюстроўваць гэта ў бюджэце. Мы гаворым пра МУС, КГБ, МНС, Міністэрства сувязі. Нават МЗС, якое кожны год павялічвае плату за візу — дык гэтыя грошы ідуць не ў бюджэт, а на рахунак міністэрства. Гэта таксама абсурд, калі дзяржаўныя міністэрствы пераўтвараюцца ў нейкія камэрцыйныя структуры.

І яшчэ дзьве структуры, якія варта адзначыць, і якіх не было ў бюджэце на гэты год — Нацыянальная Акадэмія навук і Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Гэта сьведчыць, што гэтыя структуры будуць выкарыстоўвацца палітычнай уладай у мэтах, якія ня маюць нічога агульнага з сацыяльнай скіраванасьцю бюджэту”.

(Цыганкоў: ) “Якія магчымасьці сачыць за выкананьнем бюджэту былі ў дэпутатаў Вярхоўнага Савету ў 1990-я гады, і ці ёсьць такія магчымасьці ў цяперашніх дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў?”

(Грыб: ) “Дэпутаты маглі рэальна кантраляваць выкананьне бюджэту. Кожны дэпутат меў цэлую паартыкульную кніжку законапраекту, і кожная зьмена без дазволу Вярхоўнага Савету, без галасаваньня ў бюджэт ня ўносілася”.

(Цыганкоў: ) “А ці былі тады структуры, якія мелі права свае даходы не паказваць у бюджэце?”

(Грыб: ) “Пазабюджэтныя фонды былі заўсёды. Я тады выступаў супраць іх, але, на жаль, мае прапановы падтрымкі не знайшлі. Але пазабюджэтных фондаў ня меў ні старшыня Вярхоўнага Савету, які быў найвышэйшай службовай асобай у дзяржаве, ні старшыня ўраду. Яны былі ў асобных галінах, ведамствах і гэтак далей.

Хачу дадаць да папярэдняга пытаньня, што кожны дэпутат мог выступіць з запытам да ўраду, да любой арганізацыі, ён мог зьвярнуцца ў бюджэтную камісію і павінен быў атрымаць поўны і аргумэнтаваны адказ. А зараз дэпутаты не зацікаўленыя ў гэтым, яны добра ўсьведамляюць сваю ролю, і таму ім — прыняць, не прыняць бюджэт — адказнасьці ніякай няма”.

(Цыганкоў: ) “Да якіх наступстваў у сацыяльным і эканамічным жыцьці Беларусі прывядзе гэты бюджэт?”

(Раманчук: ) “Гэты бюджэт не разьвіцьця і рэформаў, а гэта бюджэт стагнацыі, рэцэсіі, які закладвае вельмі моцную міну пад сацыяльную сфэру нашай краіны, спрыяе таму, каб праз два гады ў нашай краіне было вельмі моцнае беспрацоўе. З гледзішча сацыяльнага мы ўпэўніліся, што калі няма грошай, Міністэрства фінансаў найперш скарачае выдаткі на навуку, сацыяльную сфэру, ахову здароўя, адукацыю, а не скарачае на адміністрацыю прэзыдэнта, міліцыю. Такім чынам, будзе большы канфлікт паміж людзьмі, узровень жыцьця якіх апускаецца да рысы беднасьці, і тымі, хто мае магчымасьць распараджацца бюджэтнымі сродкамі й зарабляць на гэтым свае мільёны”.
XS
SM
MD
LG