Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛАТА ПРАДСТАЎНІКОЎ УПЕРШЫНЮ АДМЯНІЛА ПРЭЗЫДЭНЦКІ ДЭКРЭТ


Уладзімер Глод, Менск

Такому рашэньню сёньня спрыяў цэлы шэраг акалічнасьцяў. Дэкрэт, выдадзены Лукашэнкам сёлета 9 верасьня, прадугледжвае, што грошы, якія пералічваюцца для правядзеньня мэдычных апэрацыяў ды іншага лячэньня хворых, нават калі гэтыя сродкі паступаюць ад спонсараў з-за мяжы, мусяць абавязкова абкладацца падаткам. Дэпутаты абураліся: хто ж захоча на такіх умовах дапамагаць чарнобыльцам ды іншым хворым?

Дэпутат Васіль Хрол гаворыць пра спонсараў:

(Хрол: ) “Яны яшчэ вымушаныя сплаціць падаходны падатак! Хіба ж гэта справядліва?!”

Нават тыя дэпутаты, што заўжды падтрымліваюць Лукашэнку, гэтым разам паводзілі сябе інакш. Сяргей Касьцян, напрыклад, сьцьвярджаў: наўмысна падсунулі прэзыдэнту такі дэкрэт, каб настроіць людзей супраць яго.

Зьдзівіў дэпутатаў і міністар юстыцыі Васіль Галаванаў, які адстойваў прэзыдэнцкі дэкрэт. Ён у перапынку нечакана пакінуў залю. Як высьветлілася, ён сышоў, сказаўшы толькі: “прагаласуюць і безь мяне”. Такія паводзіны выклікалі велізарнае абурэньне. Гаворыць дэпутат Ігар Баслык:

(Баслык: ) “Мы шмат скардзімся, што нас на Захадзе не прызнаюць. Ды нас жа асобныя сябры ўласнага ўраду не прызнаюць!”

Тут самы раз дадаць, што пачатак разгляду Дэкрэту затрымаўся на гадзіну. Увесь гэты час дэпутаты абураліся тым, як іхную працу паказваюць каналы Беларускага тэлебачаньня. Гаворыць дэпутат Іван Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Тое, што з парлямэнтам ніхто ня лічыцца, ня толькі ў замежжы, але і ў краіне. Гэта факт. І люстэркам такіх адносінаў якраз і зьяўляюцца сродкі масавай інфармацыі. Высьвятляецца, што можна нават ня тое што не інфармаваць слухачоў, тэлегледачоў, чытачоў газэт пра дзейнасьць дэпутацкага корпусу, а нават выцерці аб іх ногі”.

Была і яшчэ адна прычына, якая, як лічаць многія дэпутаты, прывяла да нечаканага рашэньня. Віцэ-сьпікер палаты Ўладзімер Канаплёў, які ў складаныя моманты заўжды ўмее правесьці патрэбнае ўладам рашэньне, цяпер у адпачынку.

Пры неабходных 74 галасах за адмену прэзыдэнцкага дэкрэту прагаласавлі ажно 86 дэпутаў. Супраць — толькі 4. Каб дэкрэт быў канчаткова адменены, трэба, каб аналягічнае рашэньне (і таксама дзьвюма трацінамі) падтрымала вышэйшая палата — Савет Рэспублікі.
XS
SM
MD
LG