Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У РОЗНЫЯ БАКІ ПА ШЛЯХУ НАСУСТРАЧ: БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКІ КАНФЛІКТ


Юры Дракахруст, Прага

Частка 1

Удзельнічаюць: Валерка Булгакаў, Вадзім Дубноў, Яраслаў Раманчук.

У брытанскай казцы “Аліса ў Залюстэрцы” чым шпарчэй гераіня бегла да гары, тым далей ад яе апыналася. Беларуска-расейская інтэграцыя – зьява ня менш дзіўная.

Менавіта сёлета бакі як ніколі раней шпарка імкнуліся насустрач адзін аднаму. Аляксандар Лукашэнка прапаноўваў свайму расейскаму партнэру фактычнае саўладараньне над Беларусьсю і Расеяй, Уладзімер Пуцін запрашаў Беларусь проста стаць часткаю Расеі. Вынікам гэтага руху насустрач сталі інфармацыйная і гандлёвая войны і рэальнае аддаленьне нават ад нармальных добрасуседзкіх адносінаў.

Свой погляд на ўрокі сёлетняга крызысу прапануе расейскі палітоляг Вадзім Дубноў:

(Дубноў: ) “Асноўныя ўрокі, я мяркую, мы атрымаем у наступным годзе. Усё ўстае на свае месцы, прынамсі, для Расеі. Усё, што раней было прынята суправаджаць узьнёслымі словамі, зараз выглядае суцэльнай карыкатураю, як гэта было з гімнам саюзу Расеі і Беларусі. Думаю, што для эліты тэма ўжо закрытая цалкам. Зараз засталося закрыць яе для выбаршчыка. Тут патрэбная пэўная акуратнасьць, у 2004 годзе ў нас прэзыдэнцкія выбары, у сьнежні 2003 году – думскія выбары.

Загадка тое, што будзе рабіць у гэтай сытуацыі Аляксандар Рыгоравіч. Галоўны ўрок для Беларусі – гэта тое, што на дзявятым годзе сваёй улады Аляксандар Рыгоравіч пастаўлены перад неабходнасьцю штосьці вырашаць без падтрымкі Расеі. І тое, што такое стала магчымым – гэта галоўны ўрок і галоўная падстава для аптымізму”.

А зараз вернемся на пачатак году.

У студзені Аляксандар Лукашэнка, незадаволены тым, што ранейшыя схемы адносiнаў з расейскай элiтаю не працуюць, заявiў: “Нават у год каня мы ня будзем скакаць за Расеяй”. Але на самой справе, як гаворыцца, конi панесьлi ў галоп.

Праўда, напачатку i ў гэтым годзе нiбыта працягвалася ранейшая iдылiя: у красавiку Лукашэнка здолеў нават дамагчыся паставак расейскага газу па ўнутрырасейскiх цэнах, таго, за што змагаўся шмат гадоў.

Прыкладна ў гэты ж час стала зразумела, што перадвыбарчыя абавязкi, дадзеныя Лукашэнкам расейскiм алiгархам, кiраўнiк Беларусi ня выканаў i не зьбiраецца. Скандал з расейскiм пiўным канцэрнам “Балтыка” стаў яскравай iлюстрацыяй таго, якiя сюрпрызы чакаюць інвэстараў з братняй Расеi, якiя рызыкнуць паверыць “чэснаму слову” кiраўнiка Беларусi.

Потым была загадкавая сустрэча Лукашэнкi i Пуцiна ў Санкт-Пецярбургу, рандэву, якое працягвалася амаль паўсодняў. Аднак неўзабаве пасьля няўцямнай сустрэчы на берагах Нявы прагучалi заява занадта ж зразумелыя. У чэрвенi, выступаючы перад мэдыкамi, Пуцiн абрынуўся са знiштажальнай крытыкаю на беларускі праект інтэграцыі, тады i прагучалi крылатыя фармулёўкi пра “iдэалягiчнае шалупiньне” i “мухi i катлеты”.

На думку эканаміста Яраслава Раманчука, галоўнаю прычынаю канфлікта стала нежаданьне Масквы і надалей фінасаваць беларускі эканамічны цуд:

(Раманчук: ) “Ані Пуцін, ані ўрад Расеі не гатовыя экспэрымэнтаваць з нэаплянавай сацыялістычнай эканомікай Беларусі і падтрымліваць яе ў тым аб’ёме, як гэта было ў апошнія гады”.

Аднак і самае нежаданьне Расеі працягваць утрыманьне Беларусі мела палітычныя матывы.

Усе iнтэграцыйныя пражэкты мiнулых гадоў былi пабудаваныя на абсурднай формуле стварэньня адзiнай дзяржавы, якая складалася б з дзьвюх сувэрэнных дзяржаваў. I для Лукашэнкi, і для Ельцына гэты абсурд быў крынiцаю немалых палiтычных дывiдэндаў, больш за тое, iснавала верагоднасьць, што партнэр штосьцi прахлопае i атрымаецца прыхапiць ягоную дзяржаву.

Сёлета гэтаму быў пакладзены канец. Прычым калi ў чэрвенi прэзыдэнт Расеi дэманстраваў у асноўным раздражненьне памкненьнямi Лукашэнкi атрымаць хаця б крышачку ўлады над Расеяй, то ў жнiўнi новая стратэгiя адлiлася ў дакладную формулу: цi далучэньне Беларусi да Расеi, цi аб’яднаньне паводле ўзору Эўразьвязу.

Тут пачалося самае цiкавае. Лукашэнка, якога яшчэ нядаўна пэўныя сiлы ў Беларусi прадстаўлялi цi не марыянэткаю Масквы, рашуча адхiлiў самую магчымасьць страты Беларусьсю сувэрэнiтэту. За гаспадаром грымнуў ува ўсе ствалы беларускi афiцыёз.

Зразумела, што ў сваiм непрыняцьцi пуцiнскiх прапановаў Лукашэнка кiраваўся ў першую чаргу iмкненьнем захаваць сваю ўладу. Але ў рэшце рэшт маюць значэньне не матывы, а справы. Гiсторыя – гiранiчная асоба, i самы зацяты беларускi iнтэгратар зьбегам абставiнаў вымушаны быў стаць абаронцам беларускай незалежнасьцi.

Ідэалягічны разварот прайшоў даволі гладка. Аднак Карл Маркс нездарма называў ідэалёгію “лжываю сьвядомасьцю” – зьмяніць рэчаіснасьць, якую ідэалёгія тлумачыць, аказалася справаю значна больш складанаю.

На працягу сёлетняга канфлікту беларуская ўлада некалькі разоў спрабавала прадэманстраваць, што і яна пры нагодзе мае магчымасьць зрабіць Маскве пэўныя непрыемнасьці. У шэрагу падобных крокаў варта прыгадаць нацыяналізацыю “Транснафтапрадукту” і скандальную высылку зь Беларусі Барыса Нямцова.

Аднак адказ стаўся куды больш моцным. Якраз на пачатку ацяпляльнага сэзону грымнуў ультыматум “Газпраму”: таннага газу больш няма, купляйце ў незалежных прадаўцоў па цане ўдвая большай. Адказам стала грозная прамова Лукашэнкi з каскадам абвiнавачаньняў на адрас Расеi, пагрозаю зьвярнуцца па дапамогу нават да ЗША i выставiць Расеi рахунак, якi значна перавышае беларускую запазычанасьць. Аднак маўчаньне Крамля ў адказ было больш злавесным, чымся любая лаянка.

У рэшце рэшт давялося ехаць на паклон у тую ж самую Маскву, выбачацца за лаянку, анi словам не прыгадваць рахункi да Расеi, а больш пераканаўча абяцаць сплочваць свае даўгi.

Адказам на спробу Лукашэнкі папужаць Крэмль магчымасьцю ўцёкаў на Захад стала нявыдача яму візы на саміт НАТО ў Празе і рашэньне 14 краінаў Эўразьвязу і ЗША не пускаць на сваю тэрыторыю 8 вышэйшых беларускіх урадоўцаў.

Калі пасьля гэтых поўхаў Лукашэнка прыехаў у Маскву з павінаю, Пуцін мог дамагчыся ад, так бы мовіць, блуднага сына ўсяго ці амаль усяго, чаго на самой справе хацеў. І чаго ж дамогся? Зусім не далучэньня Беларусі да Расеі. А спрыяльных умоваў удзелу расейскага бізнэсу ў беларускай прыватызацыі.

Ці хацеў Пуцін на самой справе далучыць Беларусь да Расеі? Вось меркаваньне расейскага палітоляга Вадзіма Дубнова:

(Дубноў: ) “Не, я ня думаю, што ён хацеў бы далучыць Беларусь. Гэтая тэма засталася ў мінулых гадох. Справа ідзе не пра далучэньне Беларусі, а пра жаданьне некаторых расейскіх алігархаў крыху пажывіцца за кошт рэштаў эканамічнага багацьця Беларусі, што і адбылося ў гісторыі са “Слаўнафтаю”. Пуцін сапраўды аддзяліў “мухаў ад катлетаў”. “Мухі” засталіся ў Менску, а “катлеты” мы зараз будзем акуратна дзяліць, зразумела, на карысьць Расеі”.

І сапраўды, на апошняй сустрэчы ў Маскве беларускі бок пайшоў на істотныя эканамічныя саступкі. Калі чарговае абяцаньне прыватызаваць “Белтрансгаз” можа быць у чарговы раз і ня выкананае, то продаж “Слаўнафты” – справа ўжо незваротная. Аднак, на думку Валеркі Булгакава, спадзяваньні на тое, што такім чынам Расея зрушыць у Беларусі працэс рэформаў, марныя:

(Булгакаў: ) “Мне здаецца, нас чакае зацягваньне, прафанацыя рэформаў. Рэформы і ў эканамічным абсягу, і ў іншых сфэрах грамадзкага жыцьця будуць мець касмэтычны, фантазьменны характар”.

У свой час лiтоўцы, латышы i эстонцы, iмкнучыся як мага хутчэй вырвацца з абдымкаў былой мэтраполii, атрымалi ўсясьветныя цэны на энэрганосьбiты i некалькi зiмаў сядзелi ў кватэрах у футрах. Такой была цана iх незалежнасьцi. Цяперашнi холад у кватэрах беларусаў – гэта таксама плата за сувэрэнiтэт, плата ня толькi ў тым сэнсе, што танны газ бывае толькi для рэгiёнаў Расеi, але i ў тым, што, абраўшы цi церпячы існае кiраўнiцтва, сувэрэнны народ ня можа перакласьцi адказнасьць за свой выбар нi на кога iншага. Гэта плата і за зацягнутую веру ў казку.

Пры канцы году з вуснаў беларускіх і расейскіх урадоўцаў ўзгоднена прагучала пажаданьне перагледзець дзейную саюзную дамову. Зразумела, далучэньне Беларусі да Расеі таксама будзе рэвізіяй дамовы, але выглядае, што зараз справа ідзе пра нешта адваротнае – пра скасаваньне, ліквідацыю наддзяржаўных структураў, нездарма пачаліся размовы пра недарэчнасьць самой фармулёўкі “саюзная дзяржава”.

Сканчаецца казка са сваімі ілюзіямі і вывернутымі законамі. Беларусь, як Аліса, вяртаецца на гэты бок люстра, у рэчаіснасьць, у свой сьвет.

чытаць частку 2
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG