Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНЧАТКОВАЕ РАШЭНЬНЕ НАКОНТ ПРЫСУТНАСЬЦІ АБСЭ Ў БЕЛАРУСІ МОЖА БЫЦЬ ПРЫНЯТАЕ Ў ЧАЦЬВЕР


Юры Сьвірко, Вена

У амбасадзе Беларусі ў Вене мне ўжо два дні запар кажуць, што ў самой амбасадзе беларускіх дыпляматаў няма – яны на выезьдзе, на перамовах. А тыя, хто працуе ў венскай штаб-кватэры АБСЭ абураныя як паводзінамі Беларусі, гэтак і пазыцыяй Партугаліі, якая за год ня здолела разьвязаць беларускую праблему.

Як паведамілі мне сёньня, ужо зацьверджаны праект бюджэту АБСЭ на наступны год. Паколькі ён прымаецца кансэнсусам, то бок, Менск можа яго заблякаваць, гэта значыць, што бюджэт не прадугледжвае фінансаваньня спрэчнай місіі АБСЭ ў Беларусі. Дыпляматы ў Вене кажуць, што місія АБСЭ ў Менску можа быць уключаная ў бюджэт пазьней, як дадатак.

Дарэчы, фінансавай прычынай можна патлумачыць працягласьць цяперашніх перамоваў паміж прадстаўнікамі Беларусі і Партугаліі. Як жартуюць у венскай штаб-кватэры АБСЭ, беларускія дыпляматы, напэўна, вырашылі атрымаць больш валютных сутачных і паглядзець на калядную Вену. Дыпляматы таксама зазначаюць, што беларускі бок, хутчэй за ўсё, дамовіцца наконт прысутнасьці АБСЭ ў Менску зь цяперашнім старшынём арганізацыі – адносна мяккай Партугаліяй, бо наступны старшыня АБСЭ – Нідэрлянды, відавочна, зоймуць больш жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да Беларусі.

Нагадаю, што Нідэрлянды, адрозна ад Партугаліі, далучыліся да агульнай забароны Эўразьвязу на выдачу візаў Аляксандру Лукашэнку і яшчэ 7 найвышэйшым беларускім чыноўнікам. Як паведаміў мне сёньня прэсавы сакратар партугальскага прадстаўніцтва ў АБСЭ Антоніў Капінья, дэлегацыі Беларусі і Партугаліі абмяркоўваюць мандат новай місіі АБСЭ ў Менску, а наступны старшыня арганізацыі – Нідэрлянды выступаюць за тое, каб быў захаваны ранейшы мандат КНГ АБСЭ, ухвалены падчас стамбульскага саміту ў 1999 годзе.

Галяндзкія дыпляматы цяпер актыўна рыхтуюцца да старшыняваньня ў АБСЭ ў 2003 годзе. Як сказала мне сёньня прэсавая сакратарка прадстаўніцтва Нідэрляндаў у АБСЭ, ужо 2 студзеня іхны офіс у Вене будзе працаваць на поўную моц. Калі ня будзе зрухаў у беларускім пытаньні, гэтая праблема будзе вынесеная на першае ж у новым годзе паседжаньне Сталай Рады АБСЭ, якое пройдзе ў Вене 13 студзеня. На гэты дзень ужо заплянаваная прэсавая канфэрэнцыя новага дзейнага старшыні АБСЭ – міністра замежных справаў Нідэрляндаў Япа дэ Гоп Шэфэра. Хаця галяндцы думаюць, што канчатковае рашэньне наконт прысутнасьці АБСЭ ў Беларусі можа быць прынятае і на апошнім паседжаньні Сталай Рады АБСЭ ў гэтым годзе, у найбліжэйшы чацьвер.
XS
SM
MD
LG