Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЭДЛІН ОЛБРАЙТ ВЫСОКА АЦЭНЬВАЕ ПРЫЗНАНЬНЕ БІЛЯНЫ ПЛАЎШЫЧ ПЕРАД МІЖНАРОДНЫМ СУДОМ У ГААЗЕ


Віталь Тарас, Прага

Плаўшыч – адна з найбольш высокапастаўленай асобаў сярод абвінавачаных у ваенных злачынствах у былой Югаславі. І яна – першая жанчына, якая паўстала перад міжнародным трыбуналам. Учора, у першы дзень працэсу, Плаўшыч прызнала сябе вінаватай у тым, што падчас прэзыдэнтцва ігнаравала шматлікія абвінавачаньні ў ваенных злачынствах і публічна апраўдвала этнічныя чысткі супраць нясэрбскага насельніцтва падчас ваеннага канфлікту ў Босьніі.

Сёньня Мэдлін Олбрайт у сваім выступе перш за ўсё падкрэсьліла важнасьць гэтага прызнаньня.

(Олбрайт: ) “Прызнаньне гэтага суду ёсьць самым галоўным, і спадарыня Плаўшыч згадзілася з абвінаваўчым заключэньнем ды прызнала ўладу гэтага суду. І я думаю, гэта вельмі важна”.

Па словах Олбрайт, яна была ў жаху, калі наведала сэрбскі горад Вукавар у Босьніі й Герцагавіне, дзе ўпершыню даведалася пра масавыя забойствы, гвалтаваньні й катаваньні нясэрбскага насельніцтва ў канцэнтрацыйных лягерах.

(Олбрайт: ) “Гэта было вельмі цяжка для мяне, бо ў Югаславіі ня толькі прайшло маё дзяцінства, але я потым зноў наведала там шмат мясьцінаў у тыя часы, калі Югаславія разглядалася як найбольш прагрэсіўная з камуністычных краінаў. І вельмі шкада было, што ўсё адкацілася назад, у дзікунства, і доказы гэтага дзікунства было відаць паўсюль”.

Трэба зазначыць, што Плаўшыч, якая хоць і прызнала сябе вінаватай у датычнасьці да этнічных чыстак, адмаўляе абвінавачаньні ў тым, што яна нібыта плянавала іх разам з былым прэзыдэнтам Югаславіі Слабаданам Мілошавічам, працэс над якім таксама працягваецца ў Гаазе.

Роля Біляны Плаўшчы у гэнацыдзе нясэрбскага насельніцтва была значна меншай, чым яе папярэдніка на пасадзе прэзыдэнта Радавана Караджыча. Ён застаецца галоўным абвінавачаным у злачынствах супраць чалавечнасьці ў Босьніі, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку. Пэўны час таму зьявілася інфармацыя, што Караджыча бачылі ў Беларусі. Але пацьверджаньня гэтай інфармацыі не было.
XS
SM
MD
LG