Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІКТАР ІВАШКЕВІЧ ДУМАЕ ПРАЦАВАЦЬ КУР’ЕРАМ У БАРАНАВІЦКАЙ ГАЗЭЦЕ


Алесь Горбач, Баранавічы

На маё першае пытаньне “Як пачуваецеся на новым месцы?” Віктар Івашкевіч адказаў жартам: “Як у танным гатэлі”. Пасьля, праўда, удакладніў, што ягонае новае жытло ўсё ж больш нагадвае стары рабочы інтэрнат. Адзінае, што яму надае адмысловы выгляд, дык гэта краты на вокнах і дзьвярах, а таксама прысутнасьць міліцыянтаў. Гэты “гатэль”, да слова, будзе каштаваць спадару Івашкевічу пяць тысяч беларускіх рублёў штомесяц.

Рэдактара газэты “Рабочы” пасялілі ў пакой, дзе ўжо жылі два асуджаныя. У некаторых пакоях жыве і па пяць чалавек, таму спадар Івашкевіч задаволены. Са сваімі новымі суседзямі, якія з газэтаў ужо ведалі пра гучную справу аб паклёпе на прэзыдэнта, ён паразумеўся.

Працаваць хутчэй за ўсё Віктар Івашкевіч будзе ў баранавіцкай недзяржаўнай газэце “Інтэкс-Прэс” кур’ерам. Папярэдняя дамоўленасьць пра гэта з кіраўніцтвам выданьня дасягнутая. Начальства спэцкамэндатуры, паводле спадара Івашкевіча, пярэчаньняў на гэты конт ня мае.

(Івашкевіч: ) “Не, імі толькі выказаная была засьцярога, што можа быць мне непажадана працаваць журналістам. Яны пыталіся, ці ёсьць нейкае абмежаваньне па працы з прысудам. Я кажу: няма ніякага. Ну, яны палічылі так, што калі бугальтара пасадзілі за бугальтарскія парушэньні, то яго нельга пускаць працаваць бугальтарам. А калі журналіст асуджаны за паклёп на прэзыдэнта, то яму ня трэба даваць магчымасьці ізноў паклёпнічаць на прэзыдэнта. Таму яны выказалі пажаданьне, каб я працаваў не журналістам, а тэхнічным работнікам, што мяне задавальняе”.

Віктар Івашкевіч спадзяецца, што днямі пытаньне з працай вырашыцца станоўча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG