Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРТЫЙНЫХ ПРАДСТАЎНІКОЎ У АКРУГОВЫХ ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЯХ БОЛЬШ, ЧЫМ У ТЭРЫТАРЫЯЛЬНЫХ


Уладзімер Глод, Менск

Найбольш сваіх прадстаўнікоў — 67 — здолела правесьці ў акруговыя камісіі Лібэральна-дэмакратычная партыя Сяргея Гайдукевіча. На другім месцы — пралукашэнкаўская Камуністычная партыя Беларусі: 61 вылучэнец. З дэмакратычных партыяў найлепшы вынік у Аб’яднанай грамадзянскай партыі — 15 прадстаўнікоў.

У іншых апазыцыйных партыяў вынікі значна больш сьціплыя. Напрыклад, Беларуская партыя працы Аляксандра Бухвостова мае ў акруговых камісіях толькі 2 сябры, БНФ Вінцука Вячоркі — аднаго, а Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Народная грамада” Міколы Статкевіча — увогуле нікога.

На пытаньне, чаму так атрымалася, адказвае намесьніца старшыні БНФ Галіна Сямдзянава:

(Сямдзянава: ) “Таму што ўлады ня хочуць, каб у камісіях былі прадстаўнікі апазыцыйных партыяў, каб было бачна, што будзе фальсыфікацыя, каб людзі маглі гэта засьведчыць. Я лічу, што гэта так. Тое, што адбылося падчас вылучэньня ў склад тэрытарыяльных камісіяў, таксама паказвае, што ўлады ня хочуць, каб нашыя прадстаўнікі былі ў складзе гэтых камісіяў. Бо яны могуць засьведчыць, што выбары адбываліся недэмакратычна і несвабодна”.

“Народная грамада” Міколы Статкевіча, як вядома, мае пэўны досьвед удзелу ў розных выбарчых кампаніях. Гаворыць намесьнік старшыні партыі Ўладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Мы чакалі гэтага. Але, каб мы не намагаліся нешта зрабіць, мы б ня ведалі, як улада да гэтага ставіцца. А мы намагаемся. Мы ва ўсе камісіі прапаноўвалі людзей. Але калі не бяруць, дык зразумела чаму. І мы будзем тлумачыць выбарцам у ходзе выбарчай кампаніі, што адбываецца. Гэта тое, чаго мы чакалі. Гэта ня мае ніякіх падставаў для гістэрыкі, для панікі. Будзем працаваць далей, будзем ва ўчастковыя камісіі вылучаць людзей. Будзем займацца зборам подпісаў. Мы будзем выкарыстоўваць усе легальныя магчымасьці гэтай выбарчай кампаніі”.

Паводле паведамленьня Лідзіі Ярмошынай, афіцыйнае вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых узроўняў пачнецца ў нядзелю, 22 сьнежня. А сёньня ўжо падаюцца заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG