Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАЗГАРАЕЦЦА СПРЭЧКА ПАМІЖ ВЫТВОРЦАМІ ТЭЛЕВІЗАРАЎ БЕЛАРУСІ Й РАСЕІ


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня расейскія вытворцы тэлевізараў накіравалі ліст пратэсту на адрас старшыні ўраду Расеі Міхаіла Касьянава. Дырэктары чатырох прадпрыемстваў — маскоўскага тэлезаводу “Рубін”, кампаніяў “Бытавая электроніка “Сокал”, “Полар” і “Ролсан” — зьвярнуліся да расейскага прэм’ера з просьбай абараніць іх ад беларускіх тэлевытворцаў.

Вось што паведаміла на гэты конт нашаму радыё прадстаўніца “Сокалу” Аксана Хрусталь:

(Хрусталь: ) “У гэтым лісьце просьба стварыць роўныя канкурэнтныя ўмовы для вытворцаў тэлевізараў Беларусі й Расеі. Бо цяперашнія ўмовы ствараюць беларусам прывілеяванае становішча на расейскім рынку. Яны дазваляюць на 25% зьніжаць кошты тэлевізараў “Віцязь” і “Гарызонт”. Паколькі мы жывем у адной саюзнай дзяржаве, то ўмовы мусяць быць аднолькавымі. Цяпер жа гэтых роўных умоваў няма з прычыны распараджэньня прэзыдэнта Беларусі”.

Мэнэджэр маскоўскага заводу “Рубін” Алег Ульянскі назваў зварот да Касьянава вымушаным крокам:

(Ульянскі: ) “На сёньняшні дзень беларускія таваравытворцы маюць вялікія льготы пры імпарце камплектных дэталяў для тэлевізараў. Такім чынам, сабекошт беларускіх тэлевізараў значна ніжэйшы, чым расейскіх. Як вынік, яны набываюць ня рынкавую, а адміністратыўную канкурэнтную перавагу”.

Беларускія ж тэлевытворцы лічаць абвінавачаньні расейцаў надуманымі. Вось што паведаміў нашаму радыё намесьнік генэральнага дырэктара менскага заводу “Гарызонт” Аляксей Мазжухін:

(Мазжухін: ) “Маё меркаваньне, што гэта адбываецца канкурэнтная барацьба. У нас больш сур’ёзнае прадпрыемства. Ільготы ж, якія нам прадастаўлялі, накіроўваліся на падтрымку інфраструктуры “Гарызонту”. Гэтыя льготы не ўплываюць на канкурэнцыю. Расейцам кепска, што ёсьць добрыя беларускія таваравытворцы”.

Намеснік генэральнага дырэктара “Гарызонту” Мазжухін кажа, што з новага году цяперашнія льготы будуць скасаваныя.

Пра гэты скандал ведаюць і ў органах саюзнай дзяржавы. Вось як пракамэнтаваў яго нашаму радыё прадстаўнік Сталага камітэту саюзу Беларусі й Расеі Анатоль Камісарчук:

(Камісарчук: ) “Калі абмяркоўвалі пляны ўвядзеньня адзінай грашовай адзінкі, тады быў прыняты ўказ беларускага прэзыдэнта пра тое, што ў Беларусі, як і ў Расеі, ня будзе індывідуальных падатковых ільготаў. На мой погляд, ільготаў для беларускіх вытворцаў зараз няма”.
XS
SM
MD
LG