Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДНАВІЎСЯ ВЫПУСК ЧАСОПІСА “КУР’ЕР”


Альгерд Невяроўскі, Менск

Адноўлены “Кур’ер” выйшаў накладам больш за 5 тысяч асобнікаў, ён цалкам каляровы. Пра новую канцэпцыю выданьня распавядае яго рэдактар Аляксандар Вальвачоў:

(Вальвачоў: ) “Ранейшы “Кур’ер” быў аналітычным выданьнем. Добрыя аўтары, журналісты, прафэсійныя палітолягі, палітыкі камэнтавалі сытуацыю, а чытачы маглі азнаёміцца зь іхнай думкай. У прынцыпе так сёньня працуе большасьць недзяржаўных выданьняў. Хацелася б, каб абноўлены “Кур’ер” стаў часопісам меркаваньняў. Найперш меркаваньняў нястатусных грамадзянаў — тых людзей, погляды якіх мала каго раней цікавілі. А ў прынцыпе вельмі верагодна, што іхныя меркаваньні, камэнтары могуць быць больш цікавымі, чым тое, што прызвычаіліся казаць прафэсіяналы”.

Аляксандар Вальвачоў у свой час рэдагаваў “Белорусскую деловую” й “Белорусскую” газэты. Ён лічыць, што ніша выданьня меркаваньняў людзей у Беларусі не занятая, і “Кур’ер” павінен яе заняць. З такім падыходам спадара Вальвачова пагадзіўся незадоўга да сьмерці й Ігар Гермянчук.

Асноўная тэма першага нумару адноўленага “Кур’еру” — уступленьне ў Эўразьвяз краінаў-суседзяў Беларусі. У асноўным гэта падборка нататак беларусаў, якія часта наведваюць краіны, што з 2004 году стануць сябрамі Эўразьвязу. Паводле гэтага прынцыпу асьвятляюцца ў “Кур’еры” й палітычныя, эканамічныя, культурныя, жаночыя ды іншыя тэмы. Але ёсьць у выданьні й публікацыі прафэсійных журналістаў ды аналітыкаў.

Заўважна меней стала ў часопісе беларускамоўных публікацыяў — у гэтым нумары іх толькі тры. Аляксандар Вальвачоў так тлумачыць падыход рэдакцыі да моўнай праблемы:

(Вальвачоў: ) “Калі аўтар піша па-беларуску, на добрай мове й цікава, гэты матэрыял публікуецца. Не хацелася б неяк штучна дасягаць суадносінаў, перакладаць з расейскай на беларускую, ці наадварот, каб вытрымаць нейкія адсоткі”.

Пакуль з прычынаў тэхнічнага характару наклад “Кур’еру” не патрапіў у шырокі продаж, але спадар Вальвачоў спадзяецца, што гэтая праблема вырашыцца празь некалькі дзён. Зь лютага плянуецца павялічыць аб’ём часопісу з 48 да 64 старонак, а таксама наклад, і вытрымліваць штомесячную пэрыядычнасьць. Каштаваць “Кур’ер” будзе ня больш за паўтары тысячы рублёў.
XS
SM
MD
LG