Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ЯК ПАСТАЯЦЬ ЗА СЯБЕ ФЭРМЭРАМ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Яўген Лугін згадвае:

(Лугін: ) “Ведаю многіх фэрмэраў, да якіх увесь час чыноўнікі наяжджаюць, асабліва калі ён там кабанчыка закалоў ці што-небудзь такое, каб атрымаць нейкі падарунак невялікі. І даводзіцца даваць, што зробіш. Чыноўнікі добра ведаюць, што фэрмэр ня зможа ім адмовіць, бо на яго заўсёды знойдуцца захады, каб прыціснуць”.

Сёньняшні экспэрт нашай праграмы — Яўген Лугін , вядомы ў Беларусі сваёй актыўнасьцю ў папулярызацыі ідэяў фэрмэрства і свабоднага продажу зямлі. У пачатку 1990-х гадоў Яўген Лугін стварыў Сялянскую партыю, якая была вельмі актыўнай у прасоўваньні гэтых ідэяў, але потым паслабела разам зь сялянскім рухам. У 1995 годзе ў Беларусі было ўжо амаль 4 тысячы фэрмэрскіх гаспадарак, а цяпер іх засталося толькі 2,5 тысячы.

Заняпад фэрмэрства Яўген Лугін тлумачыць супраціўленьнем раённага чынавенства, якое разам са старшынямі калгасаў ды саўгасаў фактычна і вырашаюць, даваць ці не даваць чалавеку зямлю. Закон такі, што рашэньне прымае камісія райвыканкаму і нават калі яго аспрэчыць праз суд, апошняе слова зноў застаецца за камісіяй. Самому Яўгену Лугіну гэтак адмовілі ў атрыманьні зямлі на той падставе, што ён ня мае сельскагаспадарчай адукацыі.

Чаму закон не мяняецца — гэтае пытаньне Яўген Лугін адрасуе кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку і дэпутатам парлямэнту, і пры гэтым наш экспэрт заўважае, што сам Лукашэнка, як і значная частка дэпутатаў якраз паходзяць з таго вясковага чынавенства, якое абараняе цяперашнюю сыстэму гаспадараньня на зямлі. Што ў такіх умовах застаецца фэрмэру? Прыстасоўвацца.

І вось дзякуючы чаму трымаецца беларускі фэрмэр:

(Лугін: ) “Чалавек павінен быць здольным і працавітым, але гэтага яшчэ недастаткова. Патрэбная яшчэ сувязь з уладай, уменьне знайсьці нейкія кантакты. Каго хабарам, каго добрым словам, каго празь нейкіх сваякоў. Дык вось гэтая частка фэрмэрства выжыла і ня тое што квітнее, але жыве больш-менш бязьбедна. Ва ўсялякім разе, не параўнаць з калгасьнікамі. Але што яны кажуць — а я бываю шмат у якіх раёнах і сустракаюся з фэрмэрамі — дык вось, амаль усе кажуць, што калі б ведалі, што з гэтага будзе, дык ніколі б не ўзялі тую зямлю”.

Фэрмэры, на якіх спасылаецца Яўген Лугін, магчыма, маюць усе падставы скардзіцца на цяжкі лёс. Але што тады казаць былому фэрмэру з Горак Рыгору Сарокіну, пра якога распавядзе наш магілёўскі карэспандэнт Аляксандар Сердзюкоў:

(Сердзюкоў: ) “Асуджаны па абвінавачаньню ў крымінальным злачынстве жыхар Горак Рыгор Сарокін адразу пасьля вызваленьня зьвярнуўся ў мясцовае ўпраўленьне КГБ. Экспэрты камітэту пацьвердзілі, што некаторыя дакумэнты ў ягонай справе былі падробленыя, аднак спадар Сарокін да гэтага часу ня можа дабіцца адмены судовага рашэньня.

Гэтая гісторыя пачалася яшчэ пяць гадоў таму. Мясцовы фэрмэр Рыгор Сарокін узяў у некаторых жыхароў Горак бульбу на продаж у Расеі, паабяцаўшы разьлічыцца пасьля рэалізацыі. Але грошай прадаўцы не дачакаліся — быццам Сарокіна падвёў расейскі кампаньён. Праўда, яны зноў паверылі фэрмэру і пагадзіліся чакаць, пакуль той знойдзе грошы, але раптам справа дайшла да крымінальнага перасьледу Сарокіна.

Паводле горацкіх сьледчых Шэпшэлева і Лазарэвіча, жыхар Горак Сяргей Аляксееў абвінаваціў фэрмэра ў нанясеньні матэрыяльных стратаў. Як вынік, у 1997 годзе Рыгор Сарокін быў асуджаны да чатырох гадоў пазбаўленьня волі. Да таго ж у яго канфіскавалі ўсю маёмасьць.

Праз два з паловай гады Сарокін па амністыі выйшаў на волю і адразу стаў шукаць справядлівасьці. Адмыслоўцы КГБ правялі экспэртызу почыркаў і канстатавалі, што подпісы сьведкі Аляксеева падробленыя, аднак так і не змаглі сказаць, хто гэта зрабіў.

Сяргей Аляксееў таксама пацьвердзіў, што пратакол не падпісваў і зь ягоным тэкстам незнаёмы. Ён сьцьвярджае, што разам зь іншымі пагадзіўся чакаць, пакуль Сарокін верне грошы за бульбу, і ня ведае, чаму сьледзтва вырашыла давесьці справу Сарокіна да суду.

Рыгор Сарокін патрабуе адмены судовага рашэньня, вяртаньня канфіскаванай маёмасьці й прыцягненьня да адказнасьці сьледчых Шэпшэлева і Лазарэвіча ды супрацоўнікаў Горацкай міжрайпракуратуры. Гэтых службоўцаў ён падазрае ў хабарніцтве.

(Сарокін: ) “У мяне на гэты конт ёсьць непасрэдныя сьведкі. Дарэчы, я магу даказаць гэта любому суду і любому незалежнаму сьледзтву, акрамя сьледчых Горацкага райаддзелу міліцыі. Урэшце знойдуцца ў Беларусі дастаткова разумныя, адукаваныя людзі, якія змогуць разабрацца ў маёй сфабрыканай справе”.

Цяпер у былога фэрмэра Сарокіна няма кватэры, працы і грошай, але ён спадзяецца на справядлівасьць і чакае адказу зь Вярхоўнага суду”.


Яўген Лугін таксама пацьвярджае, што часта фэрмэры становяцца ахвярамі сфабрыкаваных крымінальных перасьледаў з боку людзей, якія трымаюць у руках рэальную ўладу. І ўсё ж наш экспэрт заклікае праз суд вырашаць усе спрэчныя пытаньні ў дачыненьнях фэрмэра з уладай. У такіх працэсах можа аказаць дапамогу фэрмэрскі саюз альбо праваабарончыя арганізацыі. Але што да прынцыповага выпраўленьня становішча, то яно, на думку Яўгена Лугіна, залежыць ад палітычных зьменаў у краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG